Sidebar

25
Вс, окт
145 Новых публикаций

«Усе грані таленту»

ШРИФТ
  • Минимальный Мелкий Средний Большой Максимальный
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Так называецца выстава, прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння Народнай артысткі БССР і СССР, акадэміка Міжнароднай акадэміі тэатра Стэфаніі Міхайлаўны Станюты. 29 верасня экспазіцыя адкрылася ў музейна-выставачным комплексе «Партнёры. Сябры. Пабрацімы» Барысаўскай цэнтральнай раённай библіятэкі імя І.Х. Каладзеева.

Выстава змяшчае больш за 80 экспанатаў, якія знакамітая артыстка зрабіла сама. Яшчэ ёсць кнігі пра яе, фільмы, дзе яна здымалася, і тэатральныя работы, прымеркаваныя таксама да 100-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, дзе на працягу шмат год С. Станюта працавала вядучай актрысай. Але ж асноўнае месца займаюць прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры малых формаў з дрэва, біжутэрыя з прыродных матэрыялаў, прадстаўленыя мінскім клубам «Прырода і фантазія» Установы «Цэнтр БелКультуры» (г. Мінск), якім даўно кіруе Аляксандр Аляксандравіч Лейко. Дарэчы, гісторыя клуба бярэ пачатак з 1968 года і аб’ядноўвае больш за 80 нераўнадушных да творчасці людзей розных прафесій і ўзростаў. Стэфанія Станюта ўступіла ў гэта аб’яднанне ў лютым 1970-га і да апошніх дзён з’яўлялася адной з актыўных яго ўдзельніц. Дзякуючы сваім асаблівым заслугам, і як вядомы тэатральны дзеяч у тым ліку, Стэфанія Міхайлаўна была абрана ганаровым членам клуба.
Каб адкрыць выставу Стэфаніі Станюты, Аляксандр Аляксандравіч Лейко наведаў учора Барысаўскую цэнтральную бібліятэку разам з калегамі, сябрамі і аднадумцамі. На адкрыцці прысутнічалі таксама супрацоўнікі аддзелаў цэнтральнай бібліятэкі і гарадскіх філіялаў.
Шмат цікавага расказаў кіраўнік клуба «Прырода і фантазія» прысутным пра сам клуб і яго творцаў, пра невядомыя грані творчасці Стэфаніі Міхайлаўны, яе незвычайны характар і ўменне сябраваць.
– Цудоўная жанчына пераўтварала свае творы ў казку і дарыла гэту прыгажосць людзям. Самыя адметныя штрыхі Станюты, калі гаварыць вельмі коратка, – беларуская гаворка, добрая ўсмешка, пачуццё гумару, люрэксавая хустачка, торцік «Ленінградскі». А што тычыцца таленту вырабляць такую прыгажосць сваімі рукамі без старонняй дапамогі, то на гэты конт успамінаюцца яе словы: «Сумесная праца – гэта сумесная праца, а асабістая – гэта асабістая. Таму даруйце, але я ўсё зраблю сама». І было сапраўды так, – распавядаў Аляксандр Аляксандравіч. – Трэба адзначыць, большасць з таго, што вы бачыце ў экспазіцыі, нам перадалі зводны брат знакамітай актрысы Уладзімір Міхайлавіч Станюта, сын Аляксандр Аляксандравіч Станюта і нявестка Ірына Аляксееўна Міхайлава-Станюта.
Адкрыццё выставы завяршылася музычным сюрпрызам: свае песні прысутным падарылі дуэт Зінаіда Паўлючкова и Эдуард Білейчык, удзельнікі Мінскага абласнога народнага клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца».
Затым для гасцей правялі экскурсію па залах бібліятэкі.
Запрашаем усіх аматараў і знатакоў цудоўнага, а таксама прыхільнікаў унікальнага таленту майстра сцэны С. Станюты пазнаёміцца з калекцыяй аўтарскіх твораў з прыродных матэрыялаў, а таксама тэматычнай літаратурай пра вядомую актрысу.
Выстава працягнецца да 30 лістапада, а далей пераедзе ў Жодзіна (жыхары 70 гарадоў Беларусі яе ўжо пабачылі).
Алена БРЫЦКАЯ

2020-09-30