Планета Караткевіча
28 лютага ў Дзіцячай бібліятэцы імя А.П. Гайдара адбылася чарговая сустрэча ў літаратурнай гасцёўні. Яна была прысвечана жыццю і творчасці вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. З дапамогай электроннай прэзентацыі “Беларускі рамантык” бібліятэкар Алена Адаменка пазнаёміла вучняў 7 класа ДУА СШ № 22 з біяграфіяй нашага славутага пісьменніка. Дзеці даведаліся, што свае першыя творы У. Караткевіч пачаў пісаць яшчэ ў дзяцінстве, а ў восьмым класе ён напісаў першы варыянт п’есы “Млын на Сініх Вірах”. Вучні задавалі шмат пытанняў. Іх цікавіла ўсё: якой была сям’я Караткевічаў, дзе ён атрымаў адукацыю,што паспрыяла напісанню таго ці іншага твора, ці пераведзены яго кнігі на іншыя мовы свету. Сумесна дзеці і бібліятэкар ўспомнілі творы аўтара, сярод якіх добра вядомыя: “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, “Каласы пад сярпом тваім” і іншыя раманы, якія прынеслі Уладзіміру Караткевічу сусветны гонар і прызнанне. Вучням вельмі спадабаліся вершы У. Караткевіча, якія гучалі ў час правядзення мерапрыемства. Алена Анатольеўна пазнаёміла школьнікаў з рэсурсамі інтэрнэт - сайта “Быў. Ёсць. Буду”, які дапаможа знайсці ўсе творы пісьменніка, надрукаваныя на роднай мове, а таксама дадатковую літаратуру пра жыццё і творчы шлях У. Караткевіча. Вучні даведаліся, што ў многіх гарадах Беларусі ёсць помнікі пісьменніку: у Оршы, Віцебску, Мінску. Помнік у Мінску, на магіле пісьменніка, быў зроблены нашым земляком Анатолем Анікейчыкам.

Цікавая кніжная выстава таксама спадабалася вучням, адчувалася, што яны адкрылі для сябе новую, яшчэ малавядомую планету, імя якой - Уладзімір Караткевіч.
|