«Паэт красы і гармоніі»
У Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя А.П. Гайдара адбылося літаратурнае свята “Паэт красы і гармоніі”, прымеркаванае да 120-гадовага юбілею класіка беларускай літаратуры, паэта, перакладчыка, празаіка і публіцыста - Максіма Багдановіча.

Гасцямі мерапрыемства былі старшакласнікі ДУА “СШ № 24” і ДУА “Гімназія № 3”.

Вядучыя распавядалі слухачам пра першыя творы, якія Максім Багдановіч пачаў пісаць яшчэ ў дзяцінстве, пра сям’ю паэта, абставіны жыцця, якія паспрыялі напісанню таго ці іншага твора, пераклады яго кніг на іншыя мовы свету. Вучні ДУА “Гімназія № 3” Марыя Абрамовіч, Вікторыя Зуёнак, Вольга Лелека, Яўгенія Іванова, Глеб Кузенка, Нікіта Галасоўскі і Дзмітрый Марозаў прадэкламавалі вершы з тэматычных цыклаў зборніка “Вянок”: “У зачараваным царстве”, “Згукі бацькаўшчыны”, “Вольныя думы”, “Старая спадчына”, “Мадонны” і іншыя.

М.Багдановіч пражыў усяго 25 год, але пакінуў пасля сябе вялікую спадчыну. Усім вядомыя песні “Лявоніха”, “Слуцкія ткачыхі”, раманс “Зорка Венера”, пакладзеныя кампазітарамі на вершы паэта, сталі па-паспраўднаму народнымі. На працягу мерапрыемства гучалі мелодыі гэтых песень у выкананні ансамбля “Песняры”.

Аздобіў мерапрыемства танец паказальна-ўзорнага ансамбля “Ручеёк” гарадскога Палаца культуры ім.М.Горкага.

Знаёмства з творамі М.Багдановіча не пакінула нікога раўнадушным, адчувалася, што юныя слухачы адкрылі для сябе новую, малавядомую пакуль што планету, імя якой – Максім Багдановіч.
Літаратурны вусны часопіс падрыхтаваны сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі А. Адаменка і Ю. Чарняўскай, а таксама бібліятэкара ДУА “Гімназія № 3” Р. Янушкоўскай і вучняў старэйшых класаў гімназіі.
|