Sidebar

Калекцыя аўтографаў. Янка Лайкоў «Вогнепаклоннік»

Typography
  • Smaller Small Medium Big Bigger
  • Default Helvetica Segoe Georgia Times

Сёння 10 верасня 2019 года спаўняецца 40 гадоў беларускаму паэту Янку Лайкову.

У краязнаўчым цэнтры знаходзіцца паэтычны зборнік аўтара «Вогнепаклоннік» з аўтографам. Удумлівы чытач знойдзе тут ўсё: ад філасофскіх разваг да ўзнёслых і кранальных інтымных вершаў. Традыцыя і наватарства, інтэлектуальнае і містычнае, міфалагічнае і біблейскае – усё гэта паэт арганічна паяднаў у сваёй творчасці.
Талент маладога творцы адзначыў і выбітны беларускі паэт Мікола Шабовіч. У яго зборніку «Мая надзея» можна прачытаць такія радкі:

Вогнепаклонніку Лайкову,
Знаць лёс у рукі даў падкову,
Каб ён не гнуўся ў дугу,
А гаварыў: «Я ўсё змагу!»
І змог. І ліры стаў паклоннік.
Дзіця назваў: «Вогнепаклоннік»

Хутка ў краязнаўчым цэнты адбудзецца творчая сустрэча з Янкам Лайковым. Сачыце за навінамі бібліятэкі.

МАЦІ
Змярканне лепіць цень да столі.
Малы, цягнуся, каб схапіць
ружовы бохан спелай поўні,
на срэбры пальцы сашчапіць.

Матулін твар усмешкай ззяе,
і шчасця шчырая сляза
як долу падае – ўзрастае
дзівоснай кветкай хараства.

І песцяць стомленыя вочы
спакой маленькага сынка.

Ужо змяніў світанак ночку,
а матчына не спіць рука.
                          (Янка Лайкоў)



Даведка. Янка Лайкоў (10 верасня 1979, в. Мётча, Барысаўскі раён, Мінская вобласць) – беларускі паэт.
Вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «літаратурная работа» (2006). Працаваў загадчыкам аддзелаў прозы і паэзіі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (2004–2009), загадчыкам аддзела крытыкі часопіса «Маладосць» (2010). Жыве ў Барысаве. У 2017 годзе Янка Лайкоў са сваёй сям’ёй прыняў удзел у ХХІV міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга. Піша на беларускай мове.
Аўтар 2 паэтычных зборнікаў:
«Логіка пасткі» (Мінск, бібліятэка часопіса «Маладосць», 2000)
«Вогнепаклоннік» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 2003)