Sidebar

Калекцыя аўтографаў. Вера Буланда «Мне не жыць без цябе»

Typography
  • Smaller Small Medium Big Bigger
  • Default Helvetica Segoe Georgia Times

Сёння, 9 кастрычніка 2019 года, спаўняецца 20 гадоў аўтографу Веры Буланды ў аўтарскім паэтычным зборніку «Мне не жыць без цябе».

Краязнаўчы цэнтр прапануе чытачам пазнаёміцца з праўдзівымі словамі, шчырымі пачуццямі беларускай паэткі, якая нарадзілася і доўгі час працягвала творчы шлях на Барысаўшчыне.
«У адным я не сумняваюся, што мой зборнік «Мне не жыць без цябе» будзе прыхільна сустрэты ў маёй роднай вёсцы на Барысаўшчыне. Назву яна мае загадкавую і рэдкую – Мсціж. Люблю і шаную ў сэрцы гэту вёску, яе людзей, усіх, без выключэння… І, канечне, маму, якая рана аўдавеўшы, адна падняла нас, пяцёра сваіх дзяцей, на ногі, прывіла любоў да песні, да людзей, да зямлі беларускай, якую яна, руская, палюбіла, як сваю… І яшчэ: мне сапраўды не жыць без роднай бацькавай мовы, якую я выбрала аднойчы і назаўсёды. І ўдзячна, што дадзена яна мне для шчасця і лёсу майго…»

МАМЕ
Цалуючы рысы блізкія,
Успомню цябе над калыскаю
Зусім яшчэ маладою,
Замужняю, не ўдавою.

Даруй, калі што не споўнілася,
І што недарэчна ўспомнілася.
Даруй, калі зможаш, мама,
І я даравала таксама.

Усё, як стала матуляю,
Як бліжэй дзіцятка прытульваю.
Як ты, хачу, каб споўнілася,
І самае добрае ўспоўнілася.

Даруй. І будзь з намі, мама,
Мы ж дзеці яшчэ таксама.


ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ
Жывіце, людзі, для людзей,
Усё, што ў вас, аддайце людзям,
Як маці малако з грудзей, –
Яно яшчэ не раз прыбудзе.

Жывіце, людзі, для людзей,
У сэрцах помсты не сяліце.
Цяплом вачэй, святлом надзей
На лепшае благаславіце.

Жывіце, людзі, для людзей,
Для чалавека, не для рэчы.
Жывіце мірна і часцей
Вы усміхайцеся сустрэчным.

Даведка. Вера Аляксандраўна Буланда нарадзілася ў г. Масква 26 сакавіка 1955 г. У 1972 г. скончыла Мсціжскую СШ. Да паступлення ў інстытут працавала ў яслях-садку №55 горада Мінска. У 1977 г. скончыла Мінскі педінстытут імя А.М. Горкага. У час навучання ў ВНУ наведвала Народны тэатр мастацкага чытання «Жывое слова», якім кіраваў А. А.Каляда. У 1981 г. закончыла курсы Маскоўскага Завочнага ўніверсітэта мастацтваў (тэатральны факультэт, акцёрскае аддзяленне). Настаўнічала на Віцебшчыне, Барысаўшчыне, у Мінску. Працавала адміністратарам і педагогам-арганізатарам у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Кіравала тэатральнымі калектывамі, лялечным гуртком пры школе, фальклорнымі гуртамі пры ДК «Спадчына» ў Лепельскім і «Прыданкі» ў Барысаўскім раёнах, атрымліваючы ўзнагароды, адна з іх – Міністэрства культуры Расіі – Масква. Падрыхтавала для пастаноўкі на сцэне п’есы Я. Купалы «Паўлінка», А. Вярцінскага «Скажы сваё імя, салдат!», У. Ягоўдзіка «Ясь, Яніна і каралева Аварыя», свае сцэнарыі: «Пакуль вятры Чарнобыль раздзімаюць», «Беларусі ў любові паклянуся!», «Спачатку было Слова», «Мы ласкаю матулінай сагрэты», «І не знікаць паэтам вечна», «Будзь жа век малады!», «Мы жадаем шчасця вам!», «Асуджан я любоўю пажыццёва», «Ты – боль, паэзія, ты – быль», «Зямля пад белымі крыламі» і інш. Нямала Верай Буланда адноўлена абрадаў, сабрана беларускіх народных песень. Жыхарам Лепельшчыны і Барысаўшчыны асабліва запомніліся «Вячоркі», «Вяселле» і «Сёння Купалле, заўтра – Ян».
Вера Аляксандраўна — педагог вышэйшай катэгорыі, дэлегат Першага з’езда настаўнікаў, Настаўнік года ў Барысаўскім раёне (1998).

Выдадзены зборнікі вершаў: «Запалі імгненне» (Полацк, 1991, супольны зборнік лепельскіх паэтаў), «Мне не жыць без цябе» (Барысаў, 1997), «Цыганскія кастры» (Мінск, «Беларускі кнігазбор», 2001), Дапаможнік для настаўнікаў па беларускай мове і літаратуры «Ад свята да свята» (Мінск, «Аверсэв», 2007), «Не здраджу. Не предам» (Мінск, 2008), «И снова душу греет благодать» (Мінск, 2010, супольны зборнік літаратурнага аб’яднання «Натхненне»), Кніга прозы «Най-Люба-я» (Мінск, 2010), «І гаспода мая і мой храм» (Мінск, 2011. Супольны зборнік літаратурнага аб’яднання «Натхненне»), Нізка вершаў перакладзена на французскую мову расійскай паэткай Нінай Дзябольскай, якая ўвайшла ў зборнік «У краіне паэтаў» (Мінск, 2011), зборнік вершаў і «Казка пра Дуб і Дзядоўнік» – «Шчырая споведзь мая» (Мінск, 2012). Вершы друкаваліся ў шматлікіх выданнях: часопісах «Беларусь, «Алеся», «Маладосць», «Вясёлка», «Зрок», газетах «ЛіМ», «Настаўніцкая газета», «Віцебскі рабочы», «Чырвоны прамень», «Народная воля», «Адзінства», «Рэспубліка» і інш. Некаторыя гумарыстычныя апавяданні і бываліцы друкаваліся ў Барысаўскай раённай газеце «Адзінства», у «Настаўніцкай газеце», у часопісе «Вожык».