Sidebar

Калекцыя аўтографаў. Міхась Лынькоў «Агні Танган’ікі»

Typography
  • Smaller Small Medium Big Bigger
  • Default Helvetica Segoe Georgia Times

Сёння, 30 лістапада 2019 года, адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка Міхася Лынькова.

У калекцыі аўтографаў краязнаўчага цэнтра знаходзіцца кніга «Агні Танган’ікі» з дароўным надпісам аўтара: яна прадстаўлена на выставе «Юбіляры 2019».
Апавяданне «Агні Танган’ікі» упершыню было апублікавана ў 1953 годзе ў часопісе «Полымя». М. Лынькоў апісвае ў ім барацьбу прыгнечаных народаў за свае правы на самастойнасць. Дзея апавядання адбываецца ў зале пасяджэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дзе сустракаюцца героі апавядання – прадстаўнік невялікага племені вамеру негр Юмоа Гафет, які прывёз у ААН скаргу ад свайго народа на здзекі і прыгнёт англійскіх каланізатараў, і англійскі лорд Слопінг. З пераканаўчай мастацкай сілай паказана вялікая праўда, за якую змагаецца прадстаўнік працоўнага і прыгнечанага негрыцянскага народа. У поўнакроўных вобразах жывых людзей, прадстаўнікоў прыгнечанага народа і імперыялістычных каланізатараў, Міхась Лынькоў яскрава выказаў сваё асуджэнне каланіяльнай сістэмы (з кнігі «Міхась Лынькоў. Бібліяграфічная памятка чытача», 1957 г.).
«– Жыццё, сэр, ніколі не прадаецца і не купляецца за грошы.
– Але ж я друг вам!
– Друга таксама, сэр, не купляюць за грошы… – і ва ўрачыстых словах Юмоа Гафета, так звалі негра, пачулася нешта падобнае на крыўду, на смутак. Цяжка было зразумець гэты смутак. І было нешта яшчэ ў яго голасе, ва ўсім выглядзе чалавека, у яго позірку. Гэта – адчуванне сваёй высокай чалавечай годнасці, пачуццё выкананага абавязку» (з апавядання «Агні Танган’ікі»).

Даведка. Мixacь Лынькoў – беларускі пісьменнік, Народны пісьменнік БССР (1962).
Дэбютаваў вершам у 1919 годзе (смаленская газета «Борьба»), першыя апавяданні – у 1926 годзе (бабруйская газета «Камуніст» і зборнік бабруйскага філіяла «Маладняка» – «Уздым»). Выйшлі зборнікі прозы «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944), «Апошні зверыядавец» (аповесць, 1930), «За акіянам» (нататкі, апавяданні, нарысы, 1962), раман «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапея ў 4 кнігах «Векапомныя дні» (1958, 2-е перапрацаванае выданне ў 1969), нарыс «Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў» (1944), апавяданне «Агні Танган’ікі» (1957), «Выбраныя творы» (1931, 1934, 1952), «Выбраныя апавяданні» (1938, 1941, 1947), Зборы твораў у 4-х (1967–1968) і ў 8 тамах (1981–1985).
Для дзяцей выдадзены кнігі «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), «Міколка-паравоз» (1937, аповесць экранізавана ў 1957), «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940), «Апавяданні» (1946, 1948, 1960, 1966, 1973, 1974, 1988).
М. Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Вобраз Сталіна ў беларускай мастацкай літаратуры» (1950), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Горкага, М. Ціханава і інш.