Sidebar

21
Вт, янв

Іван Чыгрынаў: «Я быццам увесь час стаю пад ваенным дажджом»

Typography
  • Smaller Small Medium Big Bigger
  • Default Helvetica Segoe Georgia Times

Сёння, 21 снежня 2019 года, адзначаецца 85 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, драматурга, перакладчыка Івана Чыгрынава.

«Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Іван Чыгрынаў належыць да таго пакалення беларускіх пісьменнікаў, якіх звычайна называюць дзецьмі вайны. Мастакоўская адметнасць Чыгрынава, своеасаблівасць яго пісьменніцкага таленту маюць глыбінную і вельмі непасрэдную сувязь з вогненнымі гадамі Вялікай Айчыннай вайны, з тымі выпрабаваннямі, якія выпалі тады на долю савецкіх людзей… Адзін з галоўных крытэрыяў таленавітасці і глыбіні мастацкага твора – яго здольнасць хваляваць чытача праз гады і дзесяцігоддзі. Лепшыя чыгрынаўскія апавяданні таксама адпавядаюць гэтаму крытэрыю. Яны і сёння перачытваюцца з вялікай цікавасцю. Можна сказаць больш. Менавіта час, суддзя строгі і няўмольны, які бязлітасна перакрэслівае ўсё слабое і бездапаможнае, з асаблівай нагляднасцю высвечвае сапраўдныя вартасці чыгрынаўскіх апавяданняў, іх жыццёвую дасканаласць» (Дзмітрый Бугаёў).
«Галоўны настаўнік – увесь вопыт, назапашаны літаратурай, прытым не толькі нацыянальнай, але і літаратурай іншых народаў – блізкіх і далёкіх…» – падкрэсліваў І. Чыгрынаў у гутарцы з Міколам Гілем ужо ў 70-я гады.
З кнігамі выдатнага майстра слова, творам якога ўласціва глыбіннае адлюстраванне жыцця, подзвігу і трагедыі народа ў вогненныя гады вайны, чытачы могуць пазнаёміцца ў краязнаўчым цэнтры бібліятэкі.

Даведка. Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў (21 снежня 1934, вёска Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці – 5 студзеня 1996) – беларускі пісьменнік, драматург, перакладчык, публіцыст. Народны пісьменнік Беларусі (1994 г.).
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У дзяцінстве перажыў Вялікую Айчынную вайну. На вайне загінуў яго бацька. У 1940 годзе пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі. Нямецкая акупацыя перапыніла вучобу, але пасля вызвалення Магілеўшчыны ад фашыстаў будучы пісьменнік зноў сеў за школьную парту і ў 1949 годзе паспяхова скончыў сямігодку. Далей вучыўся ў Саматэвіцкай сярэдняй школе, якую скончыў у 1952 годзе. Пасля школы паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1957) працаваў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва ў выдавецтве Акадэміі навук БССР. У 1965–1975 – рэдактар аддзела публіцыстыкі і нарыса ў часопісе «Полымя». З 1975 года намеснік старшыні, а ў 1976–1986 гадах – сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1987 годзе абраны старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры. З 1989 года – галоўны рэдактар часопіса «Спадчына». Народны пісьменнік Беларусі (1994 г.).
У друку дэбютаваў вершам «Сон трактарыста» у 1952 годзе, як празаік – у 1958 годзе (газета «Чырвоная змена»). Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983). Найбольш вядомы як аўтар пенталогіі раманаў: «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданне крыві» (1977), «Свае і чужыя» (1984), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996).
Аўтар п’ес – «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986), «Следчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзвежым тварам» (1988), «Звон – не малітва» (1988), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989), «Ігракі» (1989), «Прымак» (1994), кнігі крытыкі і публіцыстыкі – «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам» (1994). У 1984 годзе выйшлі выбраныя творы ў 3 тамах. Адзін з аўтараў сцэнарыя шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…» (пастаўлены ў 1973).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Фадзеева (1979) за раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) як сааўтар сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць…».