Sidebar

23
Ср, сен

«Ласкутны дзённік»

ШРИФТ
  • Минимальный Мелкий Средний Большой Максимальный
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

8 верасня мастацкая галерэя «З’ява» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева зноў стала цэнтрам сустрэчы прыгажосці, натхнення, талента і ўсхвалявання. Тут у гэты дзень адкрылася персанальная выстава выпускніцы Беларускай акадэміі мастацтваў (2020), тройчы стыпендыята спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, актыўнага ўдзельніка і дыпламанта рэспубліканскіх і міжнародных выстаў – маладой мастачкі тэкстылю, барысаўчанкі Аліны Швайбовіч.

Як вы думаеце, ці магчыма з’яднанне ў адным чалавеку несуцішнай жвавасці і цярплівай карпатлівасці? Можа быць, і не. Аднак выключэнні ёсць. Аліна – як раз адна з маладых прадстаўнікоў дадзенага выключэння. На першы погляд, гэтай дзяўчыне цяжка ўседзець на адным месцы і нешта рабіць манатонна і доўга. Але ж, калі прыгледзецца да шэдэўраў (не-не, я не памылілася!), якія прадставіла ўмеліца, то, акрамя захаплення, з’яўляецца шчырае здзіўленне: гэта ж колькі трэба назапасіць адной цярплівасці, каб зрабіць такую прыгажосць! Прычым вельмі разнастайную!
Усё, што прадстаўлена на выставе, – своеасаблівы зрэз пяцігадовай студэнцкай мастацкай дзейнасці дзяўчыны, дзе аўтарка не толькі шукае сябе ў вырыяцыях творчасці, але і вучыцца розным тэхнікам, спрабуе разнастайныя выяўленчыя маніпуляцыі. Менавіта таму экспанаты нагадваюць асабісты дзённік мастачкі, у якім сабраны ў адно цэлае перажыванні, разачараванні, мары, поспехі, надзеі, іранічныя думкі і нават планы на будучае.
«Ласкутны дзённік» – каляровае свята тэкстылю – першая персанальная выстава Аліны. Тым не менш, як успомнілі выкладчыкі маладой мастачкі, усё ж такі першая выстава аўтаркі адбылася ў дашкольным узросце, калі ў дзіцячым садку, які яна наведвала, дэманстраваліся Алініны малюнкі. Напэўна, тады і з’явіліся першыя сур’ёзныя думкі пра творчую дзейнасць і прафессійны шлях. А замацаваць іх дапамаглі блізкія людзі дзяўчынкі. Асабліва мама – вядомая мастачка Святлана Швайбовіч.
– Хто, як не маці, ведае слабыя і моцныя бакі характару і ўменняў свайго дзіця. Што тычыцца маёй дачкі, я проста бачу ў ёй сябе. Аднак яна лепшая за мяне, бо развіваецца і творыць на новым вітке і новым ўзроўні. І так павінна быць. Атрымаўшы акадэмічную адукацыю, Аліна навучылася яшчэ і адчуваць фактуру матэрыяла, кампазіцыю будучай работы і ўсе іншыя складнікі, якіх у свой час не хапала мне, – адзначыла Святлана Аляксандраўна. – Адзіны яе мінус на сённяшні дзень – гэта ўнутраная неарганізаванасць. Такое, я разумею, ўласціва многім маладым людзям. Калі яна гэта пераадолее, то ўступіць на новы, больш прафесійны, віток творчасці. Вынікі яе працы сёння – цудоўныя! Сапраўды так! А лепшая для мяне сярод выстаўленых – дыпломная работа «Кансервацыя», над якой яна з адчуваннем драйва працавала два месяцы, прычым за гэты час хутка асвоіла электралобзік, паяльнік, іншыя інструменты.
Сама ж «віноўніца» свята тэкстылю сказала пра сябе так:
– Гэту выставу назаву спробай «завесці» саму сябе на далейшую творчую дзейнасць. Мне хочацца працягваць тварыць на сваім прафесійным шляху, які я для сябе выбрала асэнсавана і адназначна! Я вельмі ўдзячна супрацоўнікам барысаўскай бібліятэкі за тое, яны сачылі за маёй творчасцю і падтрымлівалі яе. Упэўнена, на выставачных пляцоўках гэтай устанавы я і надалей змагу рэалізовываць свае задумкі і праекты.
На экспазіцыі дэманструецца больш за 30 работ, якія выкананы ў тэхніках: аплікацыя, вышыўка, трэш-арт, лічбавы друк па тканіне, габелен, войлакавалянне, ручное ткацтва і г. д.
На адкрыцці выставы тэкстыльнага дызайну сабралося шмат людзей. З добрымі словамі пажаданняў і водгукаў выступілі многія: дырэктар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева А.С. Капыток, выкладчыкі і сябры Аліны – кандыдат мастацтвазнаўства Наталля Царык, загадчык аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Зыранава і іншыя.
Выстава «Ласкутны дзённік» будзе дэманстравацца да 1 кастрычніка ўключна. Дарэчы, творчая імпрэза прымеркавана да Дня бібліятэк Беларусі.
Запрашаем за добрымі ўражаннямі і пазітыўнымі эмоцыямі!
Алена Брыцкая

 

2020-09-09