Sidebar

05
Вс, апр

105-годдзе з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

ШРИФТ
  • Минимальный Мелкий Средний Большой Максимальный
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Сёння 6 лютага адзначаецца 105-годдзе з дня нараджэння Аркадзя Аляксандравіча Куляшова.

Цэнтральная бібліятэка запрашае чытачоў пазнаёміцца з творчасцю выбітнага беларускага творцы, народнага паэта БССР. У прыватнасці, краязнаўчы цэнтр прапануе пяцітомны збор твораў народнага паэта (1974–1977), а таксама зборнік вершаў і паэм «Дарогі» (2003). Паэзія Аркадзя Куляшова вылучаецца глыбокім лірызмам, філасофскім роздумам і высокім грамадскім пафасам.

У пяцітомніку, – амаль усё, што ведаюць, памятаюць і любяць шматлікія чытачы Аркадзя Куляшова: раннія творы, даваенныя нізкі «Сонечнае заўтра» і «Юнацкі свет», і паэмы – ад «Крыўды» і «Аманалу» да «Грознай пушчы» і «Далёка да акіяна», вершы і балады гадоў Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенная творчасць, нарэшце – «Новая кніга» і «Маналог», «Варшаўскі шлях», выдатныя творчыя дасягненні апошніх гадоў. І сабраныя разам лепшыя куляшоўскія пераклады – надзвычай важная і вельмі значная частка паэтавай работы – яскравае сведчанне шырыні і моцы куляшоўскага таленту, які здолеў далучыць да беларускай паэзіі такія выдатныя набыткі сусветнай паэзіі і братніх літаратур, як творы Пушкіна і Лермантава, Ясеніна, Ісакоўскага, Шаўчэнкі, Малышкі, Гамзатава, Куліева, як неўміручыя «Спеў аб Гаяваце» Лангфэла і «Энеіда» Катлярэўскага…

Свет Куляшова – заўсёды свет сапраўднай паэзіі. Бо і што такое паэзія, калі не вечная адданасць жыццю і ёй самой, яркасць пачуццяў, напружанне душы і думкі, пазнанне сябе і людзей, вышэйшая форма чалавечага яднання – дарога ў акіян чалавечнасці (з прадмовы В. Бечыка да першага тома).

Дарэчы, славу яму прынесла гісторыя першага кахання. У 14-гадовым узросце Аркадзь Куляшоў напісаў свой хрэстаматыйны верш «Алеся» («Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая»), прысвечаны свайму першаму каханню. Рэальная Алеся была старэйшай за Аркадзя на два гады. Іх шляхі разышліся. Пазней кампазітар Ігар Лучанок напісаў музыку да песні, якую шмат гадоў выконвалі «Песняры».