Sidebar

Сустрэча з аўтарам Кірылам Стаселькам

Typography
  • Smaller Small Medium Big Bigger
  • Default Helvetica Segoe Georgia Times

15 красавіка ў краязнаўчым цэнтры адбылася сустрэча з сучасным беларускім пісьменнікам, ураджэнцам Барысава Кірылам Стаселькам і прэзентацыя яго новай кнігі «Дзевяць жыццяў Віта Морэ».

Аўтар пачаў з таго, як назва твора аказалася сімвалічнай: увесь час на шляху да выдання кнігі здараліся розныя перапетыі і форс-мажоры, таму прэзентацыя гатовага рамана доўга адкладвалася.

Кожная кніга Кірыла чымсьці адметная. «Дзевяць жыццяў Віта Морэ» не выключэнне і таксама мае свае непаўторныя рысы. Па-першае, імя аднаго з персанажаў – гэта імя, якое выбраў чытач. Далей, раман рэкордны па колькасьці персанажаў (каля 250), але аўтар запэўніў, што заблытацца немагчыма, бо ўсе падзеі спалучаюцца арганічна. Кніга ўключае ажно 7 жанраў: кожнай частцы адпавядае свой жанр, пэўны этап жыцця персанажа, краіна, гістарычны перыяд, пэўная філасофская канцэпцыя (адзін з філасофскіх накірункаў). Імёны, краіны і жанр не выпадковыя, маюць сваю логіку, і ў кожнай частцы распрацавана свая ўнікальная структура. Самая складаная структура, дарэчы, у апошняй частцы, бо з нуля прыдумляўся цэлы свет плюс вялікая колькасць персанажаў.

Тэкст мае некалькі ўзроўняў чытання. Першы – гэта цікавы займальны сюжэт. Другі – інтэлектуальная гульня з чытачом, якая прадугледжвае літаратурныя, гістрачныя, філасофскія алюзіі. Для разумення другога ўзроўню аўтар пакінуў чытачам адпаведныя «ключыкі». Чым больш чытач знойдзе гэтых ключыкаў, тым больш і сэнсава, і канцэптуальна будзе адрознівацца яго карціна ад карціны чытача, які чытаў толькі сюжэтна.

Кірыл прадэманстарваў аўдыторыі здымкі запісаў з нататнікаў, якія ён рабіў у працэсе работы над кнігай. Каб усё было лагічна, каб не заблытацца ў багатым факталагічным матэрыяле, дэтальна распрацаваць кожную падзею, трэба было маляваць шмат схемаў: гэта і храналогія, сувязі і стасункі паміж рознымі персанажамі, і схемы памяшканняў.
Кніга выйшла ў цвёрдай вокладцы, якую стварыла вядомая мастачка Стася Сакалоўская.
Аўдыторыю цікавілі адказы на самыя розныя пытанні, сярод якіх аўтар вылучыў заданае яму ўпершыню: «Калі б ваша кніга трапіла вам у якасці чытача, захапіла б яна вас?»