Sidebar

08
Ср, апр

Францішак Багушэвіч – найшчаслівейшы з паэтаў ХІХ стагоддзя

ШРИФТ
  • Минимальный Мелкий Средний Большой Максимальный
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

21 сакавіка 2020 года адзначаны дзвюма адметнымі датамі: Сусветны дзень паэзіі і 180-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, публіцыста, перакладчыка, грамадскага дзеяча Францішка Багушэвіча, які многа зрабіў для ўзбагачэння і ўдасканалення паэтыкі беларускага верша і развіцця літаратурнай мовы наогул. Паэтычны дар, які пакінуў пясняр народных дум і спадзяванняў з’яўляецца каштоўнейшым здабыткам айчыннай літаратуры.

Францішак Багушэвіч – класік беларускай літаратуры, адна з самых прыкметных фігур у айчынным мастацтве слова ХІХ стагоддзя. Асоба і творчасць пісьменніка заканамерна прыцягвалі ўвагу літаратуразнаўцаў мінулага стагоддзя. Сяргей Палуян у артыкуле «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1909) атэставаў Францішка Багушэвіча і Івана Неслухоўскага «найшчаслівейшымі з паэтаў ХІХ стагоддзя», бо іх творы захаваліся ў памяці чытачоў. Аўтар артыкула «З нашага жыцця» (1909) называў Ф. Багушэвіча «нашым песняром», які «першы голасна загаварыў „аб нашай спрадвечнай бацькоўскай мове“ і перасцярог суайчыннікаў: „Не чурайцесь мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі“». На старонках «Кароткай гісторыі Беларусі» (1910) Вацлава Ластоўскага пра Ф. Багушэвіча згадвалася як пра «праўдзівага народнага песняра-паэта», «першага артыста беларускага слова», заснавальнікі «фундамента далейшага развіцця беларускай літаратуры».
Максім Гарэцкі лічыў Францішка Багушэвіча бацькам нашага нацыянальна-духоўнага адраджэння. Гісторыка-літаратурнае значэнне творчасці Ф. Багушэвіча бачылася М. Гарэцкаму ў тым, што пісьменнік «скіраваў нашу літаратуру на пэўны натуралістычны шлях і звязаў яе з народам», закрануў многія актуальныя праблемы грамадскага жыцця.
Максімам Гарэцкім і Яўхімам Карскім Францішак Багушэвіч рэпрэзентаваўся галоўным чынам як першы нацыянальны паэт, паэт-грамадзянін, абвяшчальнік і бацька нацыянальнага адраджэння беларусаў, выразнік сялянскіх інтарэсаў, пісьменнік-рэаліст, аўтар сацыяльна завостраных твораў і тэндэнцыйнага паказу сялян і панства. (З артыкула Ванды Бароўкі, «Роднае слова» № 3, 2015 г.)

***
Вецер дзьме і вые,
Што аж мыслі рвуцца,
Змоўклі песні тые,
Што іграў на дудцы.
Раз яшчэ зайграю
У астатняй хвілі
Для тых, што жаль маю,
Што мяне забылі...

***
Дагарае рэшта вецця
У пячурцы ў хаце.
І гаворыць нешта ў сэрцы:
Так і з табой, браце.
Тут другія палымнелі,
Вогнішчы свяцілі.
Людзі ўсе на іх глядзелі,
Свой агонь палілі.
Гасне ўжо святло у змроку,
Прысак датлявае.
Ноч сцюдзёная навокал,
Попел астывае.
Не заззяе агонь болей
Весела і бурна,
Як і твой юнацкі голас
Ліры аднаструннай.

У краязнаўчым цэнтры чытачы могуць пазнаёміцца з творчасцю Францішка Багушэвіча ў кнігах: «Вершы» (1976), «Творы: Вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты» (1991), «Творы: вершы, паэма, апавяданні, артыкулы» (1998).