Sidebar

21
Пн, сен

«Восень у маім спакоі»

ШРИФТ
  • Минимальный Мелкий Средний Большой Максимальный
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Сустракаем восень разам з творчасцю Дануты Бічэль-Загнетавай і яе паэтычным зборнікам «Снапок».

Кожны з нас успрымае надыход восені па-свойму. Але дзе б мы ні апынуліся ў гэты час, што б ні адчувалі, галоўнае, быць разам з тым, з кім можна раздзяліць, не баючыся памыліцца, свае пачуцці.

Запрашаем у краязнаўчы цэнтр па добрае чытанне!


ВОСЕНЬ
Сплю спакойна.
Восень у маім спакоі.
Цішыня ледзь чутна ходзіць па пакоі.

Мой гадзіннік цікае прыглушаную ноту –
адзіноту, адзіноту,
адзіноту, адзіноту...

У грудзях маіх гадзіннік
сцішваецца болей –
адзіноту, адзіноту, адзіноту з болем...

На заходзе сонца я заходжу ў дрэвы.
На руках кляновых
сумна восень дрэмле.

Малявала пэндзлікам
на лістоце жылкі,
малявала вецер, лужынкі, сцяжынкі.

Колькі колераў, настрояў, пераходаў, зменаў…
Многа працы ў восені –
у мяне не меней.

Не магу рашыць задачу:
шмат ці не гадзін
чалавек бывае сам з сабой адзін?


* * *
Пакоціцца месяца жоўтае кола
за далягляд, дзе самотна i гола,
дзе полымя зяпкай спалоханай рыжай
забытыя ў полi саломінкі зліжа.

Маркотны ліст на ліпе апошні
з ветрам крыху пагуляе па пожні.
Усё апала, усё пазбірана.
Тут зімаваць нам наканавана.


* * *
Шаткавалі капусту двое,
а за вокнамі спела восень.
Стукаў ножык па дошцы часценька.
Усміхалася шчыра шчасцейка.

Усе асеннія колеры, пахі,
ў невялікі кадоўбчык ссыпалі,
у кляновы, жоўты, як сонца.
Напаследак падсыпалі солі.

А як чыста было на стале,
двое разам сабраліся ў лес
i хадзілі сцяжынамі роснымі,
выбіралі кіёк бярозавы.

Выбіралі кіёк па густу.
Маладых палянка лагодзіла.
Беразінкай праб’юць капусту,
каб з яе гарката выходзіла...


РЫСКА
Край мой, сагрэты
сонечнай ласкай:
сонны ядловец
i восеньскі мох.
Дзе на жалейцы
іграюць падпаскі,
дзе заблудзіўся,
стаміўшыся, Бог.

Край, дзе мацуюць
жаўранкі крылцы,
буслікі клеплюць
у лузе касу.
Вецер іграе на чарацінцы –
то i ў людзей развяваецца сум.

Ляжа на стрэхі
снег, як пярына.
Казку, як птушку,
прытулім да рук…
Тут нарадзіўся
Францішак Скарына.
Тут жа Купала
быў проста Янук.


* * *
Такая вясновая выпала восень.
Цвітуць, як вясной, незабудкі між сосен.
Было нам нядаўна дванаццаць плюс восем.

Учора сышліся ў адну дзве сцяжынкі.
Учора свае святкавалі дажынкі.
Вачэй не замглілі скупыя дажджынкі.

Віецца жыццёвая лінія проста,
яна абяцае любоў i сяброўства.
У сэрцы няма прадчування, што ростань...

што вечная ростань змарнуе нам свята...
У сэрцы маім, да крывінкі занятым,
зялёным радочкам усходзяць зярняты.


ВОСЕНЬ
Вяжу сукенку на жыццё або на смерць.
Пакуль жывая, цепліцца надзея,
што нехта на мяне яе надзене...
Шчэ сілы ёсць самой сябе раздзець.

Пайшлі адсюль ніякія сябры.
Смерць не прыходзіць – ёй кутка не маю.
У тым гai галінак наламаю.
Хай на камінку
шэпчуцца вятры.

Было i ўлетку горкай смакаты,
дзён-пустацветаў, выдуманай цноты,
бяссоннай, беспатольнай адзіноты...
Тут пастаю – пад абразом святым.


* * *
У бярэзніку з восеньскіх сноў,
з яснаты
паўсмяротныя раны
з малітвай залізваю.

Дым дыму ўсё, дым,
замутненне змыслу.

Дзе ў зямельку правальваецца
небасхіл,
як жабрачка, скідаю
здрабнелыя члункі.

Пыл пылу ўсё, пыл
i знішчэнне думкі.

Мастак У. Канцадайлаў «Сага аб вячэрнім верасні». З яго работамі можна пазнаёміцца ў агульнай чытальнай зале.