Sidebar

23
Ср, сен

«Голас твой стане ў бездані часу вячыстым шумам»

ШРИФТ
  • Минимальный Мелкий Средний Большой Максимальный
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

12 верасня 2020 года беларускаму пісьменніку і літаратуразнаўцу Рыгору Семашкевічу споўнілася б 75 гадоў.

Рыгор Семашкевіч пачаў літаратурны шлях з паэзіі. Паэзію ён ведаў, любіў, адчуваў. Чытаў яе многа, сваю, рускую, замежную, кола паважаных ім паэтаў было вялікае. Але Анна Ахматава займала ў ім асаблівае месца, яе ён проста абагаўляў… У паэзіі Рыгор Семашкевіч імкнуўся да засвоенай ад А. Ахматавай дакладнасці і велічнасці сказанага словам…
Адказнае стаўленне да паэзіі, да напоўненасці паэтычнага радка змястоўнасцю, да дакладнасці і ў пачцуццях, і ў слове давала Семашкевічу-крытыку права на патрабавальную ацэнку калег па паэтычным цэху. Семашкевіч не раскідваўся агульнымі папрокамі, ён аналізаваў, паказваў і ўмеў радавацца ўдачы калег. Ад гэтага яго крытыка была прынцыповай, але ніколі не крытыканскай, яна пісалася не з-за асобаў, а ў імя паэзіі. Ён і пісаў крытыку найбольш тады, калі сутыкаўся з сапраўдным талентам і паэзіяй, найперш каб падтрымаць і дапамагчы. Не заўважанымі ім не маглі застацца Рыгор Барадулін, Яўгенія Янішчыц, Ніна Мацяш, Валянціна Коўтун, Юрка Голуб, Алесь Разанаў і многія іншыя паэты (з прадмовы Алеся Жука ў кнізе Выбраных твораў Рыгора Семашкевіча).


***
Сум ціхай поўні над пустою пожняй
Вазьмі сабе да мая напавер.
Яшчэ прасі ў бяроз, хай ліст апошні
Зляціць на даланю ці за каўнер.

Адкукавала лета, адхадзіла,
Пасцель на сене слала пеючы,
Крыніцамі на шчасце прычасціла,
А восень згубіць ад крыніц ключы.

Дарогай грунтавой, такою простай,
Даверліва нікуды не спяшы.
Бязбожнікам на першым тыдні посту
Было вось так самотна на душы.

Кліч аўдавелых ніў плыве па свеце,
Прабіўся чуйна праз варонні грай.
А можа, гэта і вандроўны вецер
На падарожнай скрыпцы заіграў.

Твая дзяўчынка ўзята, як за краты.
Таемна у вачах, як у лясах.
І толькі летні водар спелай мяты,
Хмялёнай руты-мяты не ачах.

***
Сонца зайшло. Туман клубіцца. Сціхла дарога.
Рукі раскінь, лёгшы на сена. Ды адпачні, нябога.

Жарам зялёным і ласкай лугоў мурожных
Вее ад вечнасці стрэх. Ты не сумуй, падарожны.

Будзе другі вандроўнік музыку далечы слухаць,
Счэзне тваё, настане другое. Мацуйся духам.

Трубой палатна, лубкаю жыта, конаўкай мёду –
Не адкупіцца табе ад гэтай прыгоды.

Скроні кране сівізна – ну што ж, ты не бойся.
Бывае нават, што зацвітаюць яблыні ў цёплую восень.

Голас твой стане ў бездані часу вячыстым шумам,
Бору паможа ткаць свае ціхія думы.

Аддай палатно, каб дзецям пашылі абновы.
Мёд – мядзведзям, а жыта – нівам вясновым.

Сонца зайшло. Туман клубіцца. Сціхла дарога.
Сон спавівае. Будзь жа шчаслівы. Не бойся нічога.