Паважаныя сябры! 14 лютага ў 14.00 у мастацкай галерэі "З'ява" адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы дыпломных работ студэнтаў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Сардэчна запрашаем!
2024-02-07
Канцэпцыя выстаўкі адлюстроўвае асноўны прыарытэтны напрамак існавання кафедры, якім з’яўляецца развіццё сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі на аснове традыцый народнай творчасці. На ёй прадстаўлены творы студэнтаў кафедры ў розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтыв: ткацтва, кераміка, батык, вышыўка, габелен, маляванка.
Народнае мастацтва Беларусі з’яўляецца здабыткам нацыянальнай культуры, якая напаўняе творчасць мастакоў безліччу вобразаў. Гэта гісторыя народа, мары, спадзяванні, міфалагічныя ўяўленні, фальклорныя матывы, якія і з’яўляюцца невычарпальнай крыніцай натхнення для сучаснага пакалення мастакоў. Так на аснове традыцыйных форм і прыёмаў ствараюцца новыя творы, адбываецца творчая інтэрпрытацыя спадчыны народнага мастацтва, дзе традыцыі суіснуюць з навацыямі і ўвасабляюцца ў сучаснай прасторы.
“Родныя крыніцы” гэта метафара гістарычнай памяці ў прасторы мастацтва, якая і складае асноўную лінію выставы. Багацце выразных сродкаў і прыёмаў іх мастацкага пераасэнсавання ўвасабляюцца ў аўтарскіх падыходах прадстаўленых твораў, у прынцыпах пластычных і сэнсавых вырашэнняў. Творы адлюстроўваюць не толькі традыцыйнае па сваёй сутнасці народнае мастацтва, але і надзвычай няпэўныя працэсы станаўлення і развіцця творчасці, чуллівыя да найменшых і імаверных зменаў у прасторы сучаснага мастацтва. Так і нашы студэнты вывучаюць гісторыю і ствараюць свае маленькія сусветы, якія носяць вобразны характар і тэндэнцыю да бясконцых трансфармацый, дзе важную ролю набываюць асабістыя моманты ў стварэнні вобразаў. Мастакі ў сваіх творах выкарыстоўваюць як традыцыйныя сюжэты і тэхнікі, так і новыя аўтарскія погляды на развіццё дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Так сучасным дынамічным імклівым свеце народнае мастацтва застаецца адзіным унікальным маркерам самаідэнтыфікацыі мастака у прасторы глабалізацыі сусветных культур.