«Ёсць на нашай зямлі мясціны, якія прывабліваюць сваёй яскравай, экзатычнай прыгажосцю, выклікаюць пачуццё захаплення і замілавання. А ёсць дарагія сэрцу куточкі, на першы погляд, нічым не адметныя, са звыклымі краявідамі, але валодаюць яны асаблівай магнетычнай сілай, навяваюць дабрыню і заспакоенасць, да іх цягнешся душой. І потым ужо цяжка ўявіць сваё існаванне без гэтых мясцін...»
Віктар Сакавец
Адным з такіх куточкаў з’яўляецца наша Барысаўшчына. Каб адчуць прыгожосць гэтага краю, трэба пабываць у вёсцы Студзёнка, пастаяць на высокім абрыве над ракой Бярэзінай, адпачыць ля возера Палік…
У 2024 годзе самы буйны раён Мінскай вобласці адзначае свой 100-ы дзень нараджэння! З гэтай нагоды ў аддзеле бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі аформлена кніжная выстава «Зямля, дзе пачаўся мой лёс», якая ўключае 4 раздзелы: «Гісторыя роднага краю», «Барысаўшчына літаратурная», «Знакамітыя людзі Бырысаўшчыны», «Мы ў помніках нашчадкам зберажом».
Разнастайнасць кніг, прадстаўленых на кніжнай выставе, раскажа пра гісторыю Барысаўшчыны, пра нашых выбітных землякоў, чыё жыццё і лёсы звязаны з Барысаўскім рэгіёнам. На кніжнай выставе размешчаны творы барысаўскіх аўтараў, у якіх апяваецца дзіўная і непаўторная прыгажосць нашага краю, яго бясконцыя прасторы.
Падрыхтавала Алена Скарына
2024-06-05