Са дня адкрыцця кніжнай выстаўкі «Заўсёды з думкай аб народзе – лёс Песняроў сваёй зямлі», прымеркаванай да 140-гадовага юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа, бібліятэкарам цэнтральнай бібліятэкі Ірынай Шапавалавай было праведзена некалькі аглядаў літаратуры. На сустрэчы ўдзельнікаў клуба "Залаты ўзрост" у спецыяльным аглядзе было згадана мноства рэдкіх, цікавых гістарычных фактаў аб лёсах і творчых шляхах юбіляраў. «Вось здавалася, што нам вядома ўсё пра Янку Купалу, але ў гэтым аглядзе я атрымала вельмі шмат новай цікавай інфармацыі», - з водгуку адной з удзельніц клуба.
Удзельнікі творчай майстэрні па інтуітыўным жывапісе «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына», натхнёныя новымі прачытаннямі малазнаёмых і папулярных вершаў беларускіх песняроў, за дапамогай фарбаў перанеслі свае ўражанні на паперу, перадаючы сваё асабістае, трапяткое стаўленне да спадчыны. Вялікую цікавасць у многіх чытачоў выклікалі факсімільныя выданні першых кніг Купалы і Коласа, для тэкстаў якіх выкарыстана беларуская мова пачатку мінулага стагоддзя.
2022-07-26