Паважаныя сябры! Запрашаем на выставу графікі "Стары горад" маладога мастака Васіля Лайкова! Сустракаемся 6 студзеня у галерэі "ARTквартал" а 15-й гадзіне!
2023-12-30
Васіль Іванавіч Лайкоў (малады мастак, студэнт, вывучае візуальны дызайн) нарадзіўся 18 мая 2004 года ў горадзе Барысаве. З дзяцінства захапляўся скульптурай, ствараў з гліны выявы людзей, містычных персанажаў, прыдумваў сюжэты з імі, рабіў інсталяцыі. Акрамя таго ён вельмі цікавіўся архітэктурай, пазней пачаў вандраваць па Беларусі і іншых краінах, рабіць замалёўкі вуліц, пабудоў, архітэктурных кампазіцый. Таксама Васіль захапляецца кніжнай графікай. Яго ілюстрацыі і літаратурныя творы публікаваліся ў рэспубліканскім часопісе "Маладосць". З 2019 года па цяперашні час юнак супрацоўнічае з літаратурным аб'яднаннем "Актава" Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна, з'яўляецца мастаком-афарміцелем літаратурнага альманаха "Актава". Займаецца мастацкай фатаграфіяй, аўтар фота-альбома "на ўзбочыне Млечнага Шляху".
Адметна тое, што Васіль калекцыяніруе старадрукі. У яго калекцыі больш за сотню старадаўніх кніг 18- пачатку 20 стагоддзяў.
Наогул Васіль - шматгранная творчая асоба. Акрамя мастацкіх здольнасцей праяўляе музычныя і тэатральныя: быў пераможцам раённых і абласных тэатральных конкурсаў. З'яўляецца удзельнікам ансамбля сярэднявечнай музыкі "Вір", сам піша песні на рускай, беларускай і англійскай мовах.