Рыгор Яўсееў. Юбілей аўтографа

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

29 верасня 2021 г. споўнілася 45 гадоў аўтографу беларускага пісьменніка Рыгора Яўсеева ў кнізе «Верабей пад воблакам».

Вострым зрокам гумарыста і сатырыка заўважаюцца ў нашым грамадстве рознага характару заганы і хібы, як марнатраўства, верхаглядства, п’янства, бюракратызм і іншае. Ёсць у кнізе трапныя замалёўкі з натуры, жарты, саркастычныя вершы.

Пазнаёміцца з творчасцю Рыгора Яўсеева можна ў краязнаўчым цэтры. Запрашаем.

ЛЮБА-МІЛА ПЕТРАКУ…

Люба-міла Петраку
У цянёчку на баку.
Хлопцу кажаш:
                         – Уставай,
А ён просіць:
– Пачакай.
Яго просіш:
– Памажы.
Пазяхае:
– Паляжы.
Падганяеш:
– Сонца нізка.
А Пятрок:
– Вячэра блізка.
За вячэру ж як узяўся,
Во тады й расперазаўся.


ПРЭМІЯ

Працавалі без заган,
Кроілі і шылі,
Перавыканалі план –
Прэмію дзялілі.

Клім Пятровіч кіраваў,
Аддаваў загады,
Клім Пятровіч – галава,
Тры яму аклады.

Тры аклады шэфу – бух,
Два аклады наму,
Не пакрыўджан галоўбух
Пры дзяльбе таксама.

Твар ударніцы расцвіў
З гонару, вядома, –
Ёй падзяку абвясціў
Старшыня мяскома.

Перавыканалі план –
Кроілі і шылі…
Я хачу, каб без заган
Прэміі дзялілі.


СТРЫМАЎ СЛОВА…

На сходзе лаялі Хаму,
Вымову вынеслі яму.
І тут Хама запэўніў сход,
Што кроплі больш
                              не возьме ў рот.

– Гарэлка…
Хай бы гром яе, –
Заскроб Хама
                         міжволі плеш.

І сапраўды,
Ён больш не п’е,
Але не п’е Хама і менш.

Даведка. Рыгор Мінавіч Яўсееў нарадзіўся 10 верасня 1942 г. у в. Барок Бялыніцкага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Мала-Бялевіцкай СШ працаваў у калгасе.
У 1969 г. закончыў Магілёўскі педінстытут, у 1973 г. – Мінскую партыйную школу. Працаваў у Бялыніцкай раённай газеце «Зара камунізму», часопісе «Полымя», Дзяржвыдавецтве БССР, выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Першыя творы (гумарыстычныя вершы і байкі) з’явіліся ў 1960 г. у раённай газеце «Зара камунізму». З 1961 г. друкаваўся ў «Магілёўскай праўдзе», рэспубліканскім перыядычным друку. Пісаў сатырычныя і гумарыстычныя вершы, байкі, вершаваныя фельетоны, якія змяшчаліся ў «Вожыку». Аўтар зборнікаў «Верабей пад воблакам», «Гатовая рэпка», «Вялікая лыжка», «Мох на бярвенні, «Шаравая бліскавіца». У сваіх творах выкрываў лайдакоў, п’яніц, раскрадальнікаў народнага дабра, хабарнікаў, аматараў пажывіцца за чужы кошт.
У 1978 г. выйшаў яго дыялектны слоўнік гаворак жыхароў Бялыніцкага раёна «Маці казала так». Для дзяцей напісаў кнігі «Нашы хлопцы рыбакі», «Дзядзькавы памочнікі». Перакладаў на беларускую мову вершы рускіх і ўкраінскіх паэтаў.
Р. Яўсееў памёр 26 снежня 2004 г.

Літаратура аб жыцці і дзейнасці:

·         «На гару забраўся рак…» // Зара над Друццю (Бялынічы). – 2010. – 7 красавіка.
·         Хаўратовіч, В. На роднай зямлі / В. Хаўратовіч // Зара над Друццю (Бялынічы). – 1991. – 9 лютага.
·         Яўсееў Рыгор Мінавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдактар Г. П. Пашкоў. – Мінск, 2004. – Т. 18.Ч. 1. – С. 318.
·         Яўсееў Рыгор // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса. – Мінск, 1995. – Т. 6. – С. 527–529.

Творы:

·  Анцiпава партыя; Яшчэ раз пра Бая: [Вершы] // Вожык.- 1993.- №3.- С.3.
·  Верабей пад воблакам: Гумарэскi, фельетоны, жарты.- Мн., 1976.- 88 с.: iл.
·  Вялiкая лыжка. Гумарэскi, фельетоны.- Мн., 1977.
·  Гатовая рэпка: Сатырычныя вершы.- Мн, 1976.- 48с.:iл
·  Госць-камар: [Верш] // ЗНД.- 2002.- 28 вер.-С.4.
·  Дзядзькавы памочнiкi: Верш.- Мн., 1981.- 12с.: iл
·  Мацi казала так..: З гаворкi Бялынiцкага раёна.- Мн., 1978.- 111 с.
·  Мох на бярвеннi: Сатыра i гумар.- Мн, 1979.
·  М. Нашы хлопцы-рыбакi: /Кнiжка-карцiнка для дашкол. ўзросту].- Мн., 13с.: iл.
·  Шаравая блiскавiца: Фельетоны, байкi, гумарэскi.- Мн., 1986.- 70с: iл.
·  Цырк на дроце: Сатыра, гумар.- Мн., 1992.- 190с.: iл.
·  Я памёр, Цiмох пад антонаўкай, «Руплiвы» аграном.: [Вершы] // Зара над Друццю (Бялынічы).- 2001.- 23 чэрв. – С. 4.

Бiблiяграфiя:

·  Карпечанка М. Лiтаратура Прыдруцкага краю: [Рыгор Яўсееў] // Зара над Друццю (Бялынічы).- 1992.- 9 лют.
·  Слова – гасцям: Сустрэча з паэтамi Р.Яўсеевым i Я.Крупенькай у рэдакцыi газеты // Зара камунiзму.- 1989.- 18 лютага.
·  Хаўратовiч В. На роднай зямлi: [Аб тв-цi Р. Яусеева] // Зара над Друццю.- 1991.- 9 лют.
·  Яўсееў Рыгор // Беларускiя пiсьменнiкi: Бiблiягр. Слоўн. У 6т. Т.6.- с. 527-529.
·  Яўсееў Рыгор // Пiсьменнiкi Магiлёўшчыны: Бiблiягр. паказ.- Магілёў, 1993.
·  Яўсееў Рыгор (Ягор Мiнавiч) // Энцыкл. лiт. i мастацтва Беларусi.- 1987.- Т.5.- с. 400-401.

2021-09-29