Мікола Шабовіч. Юбілей кнігі з аўтографам

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

15 гадоў споўнілася кнізе з аўтографам Міколы Шабовіча «Мая надзея».

На жаль выбітны беларускі паэт сёлета заўчасна пайшоў з жыцця, але яго Слова назаўсёды з намі.

«Сярод беларускіх аўтараў, якім уласцівая мудрая простасць і выразнасць думкі, М. Шабовіч вылучаецца яркай мастацкай індывідуальнасцю, уражвае непаўторнай лірыка-філасофскай нотай, што і адрознівае яго ад тых, хто часам ідзе па пракладзеных літаратурных сцежках.
…Маляўнічыя паэтычныя партрэты М. Шабовіча застаюцца надоўга ў памяці, такія яны каларытныя, сучасныя, па-за ўзростам і па-за часам.
…Паэзія Міколы Шабовіча перадае пазітыўнае ўспрыманне жыцця, яна вяртае забытыя светлыя пачуцці, неаддзельныя ад пачуцця Радзімы і прыроды. Кажучы вобразна, паэт стварае ва ўніверсальнай сістэме Прыгажосці – Дабра – Ісціны. Трэба жыць радасна, калі сапраўднай мудрасцю і багаццем, назапашаным на жыццёвым шляху, становяцца неадменныя духоўныя каштоўнасці, якія можна аддаць людзям » (з артыкула Людмілы Вараб’ёвай, «Роднае слова » № 1, 2019 г.).

Запрашаем у краязнаўчы цэнтр па добрае чытанне.

***
Я зіму уяўляў такой:
Фанабэрыста-нечаканай,
Неўгамоннай і спакушальнай,
Здольнай ночы забраць спакой.

Я зіму уяўляў такой:
І гарэзнай, і неспатольнай,
Неслухмянай і грэшна-вольнай,
Грэшна-мілай, бог вед якой…

Я цябé не ўяўляў такой…


***
Не грэюць сэрца зорныя агні,
Калі надзеі адбірае скруха.
Сягоння ты не фея дабрыні,
Сягоння ты – вядзьмарка-завіруха.

Лясоўнай ходзіш ля начных прысад,
Ля голых дрэў гарэзліва царуеш,
І нараджаеш страсці снегапад,
І белатой грудзей сваіх чаруеш…


***
Зімовай казкі вэлюмны салон,
Пяшчотных рук спагадлівае сола
Мяне ўзялі ў спакуслівы палон,
Адкуль ужо не выбрацца ніколі.

Сярод снягоў пунсовіць, нібы сцяг,
Твой новы шалік, што сама звязала.
Нас абвянчае заўтра Млечны Шлях
Дзесь на мяжы паштамта і вакзала.


***
У люстэрку зімы – ты ў журбе,
Ды ў паставе – ні кропелькі лішняга.
Быць зямною ці лёгка табе,
Падуладнай адно што Ўсявышняму?

Хто ўладарыць: ці ты, ці снягі?
Валасоў вадаспад расцякаецца.
У спакусы тваёй берагі
Так і хочацца чайкай прычаіцца.


***
Будзем трымацца за рукі,
Нават калі паміж намі
Тысячы кіламетраў.
Ты адчуваеш маю далонь?
Не адштурхоўвай яе –
Іначай абрынецца свет
Нашых надзей,
Спадзяванняў,
Пачуццяў…

2021-12-13