Выдавецтва «Беларусь» знаёміць чытачоў з навінкамі літаратуры
![]() |
- Новую кнігу лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Казіміра Камейшы «Астравы на сушы» склалі аднайменная аповесць, у якой аўтар вяртае нас у сваё пасляваеннае дзяцінства, а таксама лірычныя запісы і мініяцюры «Паміж кубкам і вуснамі». Гэта – новыя назіранні, роздум над перажытым, філасофскае асэнсаванне шматлікіх з’яў жыцця і прыроды.
Асобны раздзел кнігі склалі эсэ, дзе аўтар займальна, з нечаканага боку распавядае пра жыццё і творчасць вядомых творцаў, якіх сам добра ведаў і з якімі сябраваў.
«Магчыма, не кожнаму густу дагаджу гэтымі сваімі згадкамі. ды не засмучу нязгодных, калі скажу, што пісалася гэта так, як і былі рассыпаны на сушы самі астравы-хутары. А іх пад шнурок не падгоніш. Тут будзе заўсёды крыху хаэтычна, крыху асіметрычна, аднак жа з прыкідам свайго жыццёвага вакамеру, з думай не толькі пра сябе, але і нашчадкаў сваіх» (К. Камейша).
- Для лірычнай, пачуццёвай паэзіі Кастуся Цыбульскага характэрныя рысы народнай паэтычнай творчасці. Кожны радок мае меладычны, песенны каларыт і афарбоўку. Яднанне з роднай зямлёй, прыродай, вёскай, якая сумуе па сваіх дзецях, што з’ехалі ў горад, – вось далёка не поўная тэматыка кнігі.
«Сваю новую кнігу паэт назваў «Я застаюся тут», падкрэсліваючы, напэўна, гэтым сваю моцную знітаванасць з родным бацькоўскім кутком, са сваёй малой радзімай, вёсачкай на Маладзеншчыне, дзе аўтару заўсёды люба слухаць «і струны дажджу, і акорды завеі» (з уступнага артыкула К. Камейшы).
***
Цудоўны край мой
з песняй жаўруковай,
Абмытай веснім ветрам
на палях!
Ты мой да скону,
і з апошнім словам
Вазьму твой спеў
у незваротны шлях…
- У кнігу «Сэрца сваё не падманеш…» увайшлі тры раманы з палескага цыкла вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Гаўрыловіча. творы ахопліваюць незабыўныя падзеі жыцця землякоў аўтара, пачынаючы з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, закранаюць перыяд Вялікай Айчыннай вайны і сённяшнія дні. праз непаўторныя, у многім трагічныя лёсы палешукоў, якія насуперак усяму імкнуцца да шчасця, пісьменнік стварае шырокую панараму народнага быцця. Каханне і здрада, адданасць справе і абыякавасць да існага, імкненне да справядлівасці і пераадоленне ўсяго бесчалавечнага выяўляюць самыя розныя рысы характараў персанажаў, падкрэсліваючы: ніхто і нішто не можа скарыць наш народ, які жыве па адвечных законах дабра і справядлівасці.
«Восень, учарнелая ад нудных, зацяжных дажджоў, абложаная сівымі туманамі, стагнала і плюхала, гнала хвалі злосці да незадаволенага Князь-возера, зажатага ўкола чорнымі балотамі, чэзлым алешнікам і куп’істым лазняком, што безнадзейна, здавалася, завалодалі яго берагамі і подступамі. А неба, нізкае – высунь руку, адломіш кавалак! – няласкавае пахмурнае неба тапілася ў яго азёрным, чорным прадаўгаватым лапці…» (фрагмент рамана «Забранае шчасце).