Максім Багдановіч. «Я думы, путамі не скутыя, тут перад вамі вываджу…»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

9 снежня 2021 г. адзначаецца 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, беларускага паэта, перакладчыка, літаратурнага крытыка, стваральніка сучаснай літаратурнай беларускай мовы.

Максім Багдановіч, «пясняр чыстай красы» (А. Луцкевіч), «госць з высокага неба» (У. Ігнатоўскі), высакародна спасцігаў «красу і светласць» у кожнай беларускай з’яве. Падчас першага прыезду ў Беларусь, у 1912 г., у віленскай рэдакцыі газеты «Наша Ніва» дваццацігадовы беларускі творца настойваў, каб суайчыннікі шукалі і выяўлялі беларускі дух, беларускую душу ў кожным творы, у кожным радку. Каб літаратура набыла нарэшце нацыянальную самасць і каб пасля надаць ёй «больш еўрапейскага выгляду». Бо не сумняваўся ў тым, што беларуская пісьменнасць «мае ў сабе зародкі новых дум, новых цэннасцяў». Так, тагачасны сакратар «Нашай Нівы» Вацлаў Ластоўскі згадвае пра дальнабачны, празорлівы Багдановічаў запавет: «Край беларускі – лясісты і балоцісты. Вось нам і трэба стварыць паэзію лесу, паэзію дрыгвы… Тут ёсць свая адменная краса, адменная рытміка, адменны чар. Трэба іх падгледзець, знайсці і вынесці на шырокі свет…». Багдановіч-творца адчуваў і прагназаваў «жывасць», «вялікую ўнутраную рухавасць» беларускай паэзіі, здольнай плённа пераствараць здабыткі сусветнага мастацтва, захоўваючы ўласную асабовасць. Ён імкнуўся да творчых перазоваў з мастацкім словам розных эпох і народаў, таму і актуалізаваў «вывучку» са «скарбніцы светавой культуры» (з артыкула кандыдата філалагічных навук Аліны Сабуць, «Роднае слова» № 11, 2021 г.).
Паэзія Максіма Багдановіча захапляе глыбінёй думкі, арыгінальнасцю вобразаў і дасканаласцю мовы, светласцю пачуццяў. Многія з яго твораў пакладзены на музыку: лірызм і мілагучнасць іх не могуць пакінуць абыякавым чытача…
Маўленчая саматканка Багдановіча надзвычай разнастайная на ўсіх лінгвістычных узроўнях: паэт дэманструе рэдкае адчуванне мовы, у творах зместам і пачуццямі напоўнены і гукі, і лексемы, і сінтаксічныя адзінкі.
…Паэтычныя вобразы Максіма Багдановіча ўражваюць арыгінальнасцю, высокай эстэтычнай вартасцю, любоўю да роднага беларускага фальклору, філалагічны густ, падказвае і сённяшняму чытачу шляхі развіцця і ўдасканалення беларускай мовы. Каб запаліць незгасальную зорку на набёснай карце літаратуры, трэба мець «прычасце паэтычнасцю» і беларускасцю, якое меў Максім Багдановіч (з артыкула кандыдата філалагічных навук Алены Багамолавай, «Роднае слова» № 11, 2021 г.).

Краязнаўчы цэнтр прапануе паэтычныя творы Максіма Багдановіча, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы па яго творчасці, біяграфічныя звесткі. Запрашаем да нас па добрае чытанне.

***
Я думы, путамі не скутыя,
Тут перад вамі вываджу,
А проці ганення кажу:
Хваробы лечаць і атрутамі.

***
Вечар на захадзе ў попеле тушыць
Кучу чырвоных кавалкаў вугля;
Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць,
Не скалыхнуцца ні траўкай паля;
Цёмныя цені даўжэй у лагчыне,
Птушкі прыстаўшай марудней палёт;
Сумна плыве маладзік бледна-сіні
Ў небе вячэрнім, зялёным, як лёд;
Іскрацца зорак сьняжынкі маркотна,
Збожжа пакрылася шызай расой...
Кіньма жа думкі аб долі гаротнай,
Хоць бы на момант спачынем душой!


***
Жывеш ня вечна, чалавек, –
Перажыві ж у момант век!

Каб хвалявалася жыцьцё,
Каб больш разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуцьцё
Ня раз, ня два пайшло!

Жыві і цэльнасьці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.

І ў напружэньні паўнаты
Свайго шырокага жыцьця
Бяз болю, ціха зойдзеш ты
Ў краіну забыцьця.


ТРЫЯЛЕТ
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць.
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.


***
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.

Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, –
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.

І ліецца хваляй песьня, –
Ціхі, ясны гімн вясьне.
Ці ня сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Ці ня вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?

Не паняць таго ніколі,
Не разьведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, зьвіняць.

Песьня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны сьвет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.

 

2021-12-09