28 жніўня 2021 года адзначаецца 85-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта, дзяржаўнага дзеяча Генадзя Бураўкіна.
Генадзь Бураўкін – адзін з найбольш яркіх і самабытных паэтаў пасляваеннага пакалення. Дружна прызнаны крытыкай і літаратуразнаўствам паэтам грамадзянскага, публіцыстычнага таленту, ён адначасова прапісаны імі ж і сярод тонкіх, светлых, «ціхіх» лірыкаў. Вядомы ўкраінскі пісьменнік Барыс Алейнік, які адзначаў, што з усіх беларускіх паэтаў яго сэрцу найбліжэй Г. Бураўкін, правільна заўважыў адну вельмі істотную рысу бураўкінскай паэзіі: «У Генадзя Бураўкіна, напэўна, куды больш выразна, чым у іншых гучыць у голасе метал. Ён бывае рэзкім і бязлітасным у сваіх вершах, калі гаворыць пра ўсё чужое нашаму ладу жыцця. Яго творы… б’юць па мішэнях трапна і безадказна». Сапраўды, бескампраміснасць, ярка выяўленае непрыняцце маральнай пачварнасці, этычнай і эстэтычнай недасканаласці, высокая патрабавальнасць да чалавека, без скідак на абставіны, адсутнасць усялякай паблажлівасці ў гэтым плане з’яўляюцца неад’емнай якасцю вершаў і паэм Генадзя Бураўкіна.
…Паэт заўсёды імкнуўся да адкрытасці, да яснасці грамадзянскай пазіцыі. З гэтага імкнення вынікае адна з найбольш вызначальных рыс аўтарскага мастацкага мыслення, важная асаблівасць яго паэтыкі – кантрастнасць, выразнае размежаванне чорных і белых фарбаў, палярнасць думак і пачуццяў лірычнага героя і яго ворагаў… У свеце, дзе адвечна вядуць зацятую барацьбу дабро са злом, сцвярджае Г. Бураўкін усёй сваёй творчасцю, не можа быць месца нечаму сярэдняму, нейтральнаму, абыякаваму. Яго паэзія і сёння не страчвае свайго змагарнага духу, шчырасці, а яе лірычны герой хоча заўсёды заставацца самім сабой, не падладжваючыся пад натоўп, «чараду» (з артыкула літаратуразнаўцы Зінаіды Драздовай у чацвёртым томе (кнізе першай) «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя», 2002).
Краязнаўчы цэнтр запрашае вырвацца з будзённасці і пашукаць адказы на пытанні ў мудрага дарадцы Генадзя Бураўкіна.
Я ІДУ...
Сёння я незвычайна радасны,
Ну, не хлопец – усмешка адна:
Цеплынёю дваццаціградуснай
Абагрэла мяне вясна.
Люстры-лужыны проста ў вочы
Сотні сонцаў мне навялі.
I лягчэй, і прыемней крочыць
Па сырой, атагрэтай зямлі.
I паветра здаецца мядовым,
I нябёсы – чысцей і сіней.
Я іду – дваццацігадовы,
I дзяўчаты глядзяць на мяне.
I, напэўна, таму, што рады я
Захапленню ў вачах дзяўчат,
Так пяшчотна спявае радыё,
Так свавольна звініць ручай.
А каб сум, як атрутны стронцый,
Супыняючы кроў, не лез,
Вось вазьму ў спадарожнікі сонца
I на ноч не пушчу за лес.
I з ягоным святлом непатушаным
Абыду ўвесь зямны прасцяг,
Незвычайна шчаслівы і ўзрушаны,
Перапоўнены прагай жыцця...
***
Я не люблю людзей, якія
Не маюць ворагаў зусім
І носяць кулакі цяжкія,
Не паспытаныя нікім.
За дабрату стаю сцяною.
І ўсё ж не давяраю ім,
Што абдымаюцца са мною
І з непрыяцелем маім.
Хаця ў іх без калючак ружы
І ні хмурыначкі ўваччу,
Я не хачу іх шчодрай дружбы,
Спагады іхняй не хачу.
Мая гарачнасць маладая
Двудушша не даруе ім.
Без шкадавання пакідаю
Я гэткіх ворагам маім.
УДЗЯЧНЫ ЛЁСУ...
Я ўдзячны лёсу,
што з усіх краёў
Ён выбраў для мяне навекі гэты,
Дзе бальшакі прастуюць між гаёў,
А на сцяжынках коцяцца ранеты,
Дзе Нарач мые сінія шаўкі
І п’юць з Дняпра паўдзённыя вясёлкі,
Дзе з салаўямі дражняцца шпакі
І жыту голас дораць перапёлкі.
Я ўдзячны лёсу,
што ў сябры мне даў
Далёкія і блізкія дарогі
Да прыамурскіх сосен і застаў
І да вяршынь Паміра крутарогіх,
Да кіеўскіх пявучых вечароў
І прыбалтыйскіх гаркаватых ветраў,
Да звонкіх чар малдаўскіх ганчароў
І велічнай маўклівасці Ай-Петры.
Я ўдзячны лёсу,
што ва ўсе часы
Мая блакітнавокая радзіма
Не засланіла мне чужой красы,
Мяне ад свету не адгарадзіла,
Што не магла, не ўмела быць другой,
Жыла ў братэрстве і сяброў цаніла
І што ў краіне нашай дарагой
Яе завуць усе сястрою мілай...
2021-08-24