7 лістапада 2021 г. адзначаецца 125-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка Міхася Чарота.
Даследчыкі зусім правамерна называюць Міхася Чарота адным з лідэраў 20-х гадоў. Яго творчасць адбіла ў сабе рамантычныя парыванні, супярэчнасці і вялікія ілюзіі свайго часу.
Першыя паэтычныя спробы М. Чарота належалі да часоў вучобы ў семінарыі і не захаваліся. Сталая творчасць яго пачынаецца з 1919 г., калі некаторыя з вершаў – «Пад крыжам», «Звон», «Песня беларуса» – з’явіліся ў газетах «Беларусь» і «Звон», іншыя пазней увайшлі ў зборнік «Завіруха» (1922). Гэты пачатковы этап творчасці М. Чарота адметны нацыянальна-патрыятычным гучаннем вершаў. У вершы «Ахвярую Беларускаму хору Тэраўскага» (1919) са шчырым узрушэннем паэт заклікаў спяваць «родную, пекную песню» і будзіць край свой ад цяжкага сну. Менавіта ў родным беларускім спеве, у апоры на нацыянальнае самапачуццё бачыў Чарот шлях духоўнага і гістарычнага адраджэння свайго народа.
Аб мінулым нам песня гавора,
Што і мы калісь вольна жылі…
Дык спявай жа пра радасць і гора,
Роднай песняй хоць нас весялі!
Захавалась яна пад прымусам,
Як жылі ў няволі ўпярод…
Калі песня жыве беларуса,
Будзе жыць беларускі народ!
…Як пісьменнік ён вычарпаўся ў 20-я гады, бо ўсё, што было магчыма апець, калі яснаю і прыгожа-аддаленай здавалася перспектыва, было апета, а рэчаіснасць 30-х гадоў патрабавала такога кшталту апалагетыкі, на якую не здатны быў і Чарот, – патрабавала апраўдання палітычных распраў, якія пачаліся адна за адной. Чаротавы нешматлікія вершы 30-х гадоў… страчваюць мастацкую навізну і тую своеасаблівую паэтыку, якою поўніліся нават апалагетычныя ранейшыя вершы Чарота, бо іх сагравала натхнёная вера ў будучыню і ідэал…
У 1958 годзе выйшаў двухтомны Збор твораў М. Чарота, які складаўся з прозы і паэзіі, куды, аднак, не ўвайшлі такія творы, як паэма «Карчма», верш «На шляху Адраджэння», апавяданні «Непатрэбны чалавек», «Галя», «Талачка-шкрабалачка» – не ўвайшоў той Чарот, які даваў магчымасць неадназначных трактовак, якога можна было западозрыць у сумненнях і ваганнях, што не дужа стасавалася з іміджам рэвалюцыйнага песняра, якім ён, несумненна, быў. Аднак ён быў і складанай творчай асобай, напісаўшы пра сябе ў канцы творчага шляху:
А я пайшоў
І йду сваёй дарогай,
Злучыўшы у сабе
Вялікія дзве сілы.
Гэтыя «дзве сілы» былі нябесная стыхія мастацтва і зямная, часта крывавая стыхія рэвалюцыі, якія ён імкнуўся, акрылены верай у светлую справядлівую будучыню, паяднаць. Менавіта тое, што мастак у паэце злучаўся з апалагетам рэвалюцыі, надавала многім яго творам магутную лірычную энергію, рысы неадназначнасці і той падтэкст, які і цяпер вылучае ў М. Чароце таленавітага майстра слова (з артыкула Ірыны Багдановіч у другім томе «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя»).
…Міхась Чарот даў творы ў розных жанрах, вершах і мастацкаю прозаю. Піша ён і газетный артыкулы. Гэта – лірык, эпік, драматург і публіцыст.
Лірычныя вершы і паэмы ў Міхася Чарота з мастацкага боку стаяць вышэй за ўсё іншае ў яго творчасці. Яны складаюць сабою нешта суцэльнае, бо паэмы яго развіты з лірычных вершаў, або маюць у сабе шмат лірычных уставак, нават цэльнымі раздзеламі, так што гэтыя раздзелы могуць жыць як самастойныя лірычныя вершы… (з успамінаў Максіма Гарэцкага, змешчаных у кнізе Алеся Карлюкевіча «Краязнаўчы рэсурс у вывучэнні беларускай літаратуры»).
Краязнаўчы цэнтр прапануе да чытання кнігу выбраных твораў паэта, празаіка, драматурга, аднаго з арганізатараў літаратурнага руху на Беларусі. Вершы і паэмы, апавяданні, п’есы пісьменніка праўдзіва адлюстравалі побыт дарэвалюцыйнай вёскі і падзеі грамадзянскай вайны, значныя сацыяльна-грамадскія перамены, што адбываліся ў краіне ў 1920-я гады, духоўны свет чалавека, які свядома ўключыўся ў будаўніцтва новага жыцця, таму з’яўляюцца выдатным мастацкім дакументам і сведчаннем той пары.
***
Стаіць маўкліва сонны гай,
І хмара сонца затуліла…
Зноў цень паўзе на родны край
Замест праменя з небасхіла.
Стары вяртаецца звычай,
Ідзе жыццё, што нас труціла…
І песню жальбы зноў спявай,
Хоць гэта песня і не міла…
1919
***
Схавалась сонца… Згас заход…
Усё пакрыла цемень ночы,
І толькі рэчка між балот
Блішчыць, аб берагі ляскоча…
Ды ціха шэпчацца чарот,
Лясун, русалка зарагоча…
А ў небе зорак харавод
Гарыць, нібы дзяўчынкі вочы.
1919
***
Каб жыццё ўзбудаваць
На руінах, крыжах,
Жыццё роўнасці, шчасця і волі,
І каб дзікі тыран,
Бедных, змучаных страх,
Ў новы свет не вярнуўся ніколі.
Гром грыміць і грыміць…
Б’е пярун агнявы,
Паліць, нішчыць ўсё з края да края.
Хутка ён пражане
Час пажараў, крыві…
Й сонца волі над ўсімі запале.
1920
БЕЛАРУСЫ
Родная зямелька
Крывёю заліта,
Лес, балоты, поле
Курганамі ўзрыта.
Родная зямелька
Ворагаў змагала…
Цяпер волі зорка
Над ёй зазіяла.
Родная зямелька
Мусіць шчэ змагацца…
Ідзе ў бой, хто хоча
Беларусам звацца…
Родная зямелька
Жыць хоча раздольна…
Што мілей для сэрца,
Як краіна вольна?
Родная зямелька
Ў бой апошні кліча…
Йдзе, хто хоча волі,
Дык сынам заліча!
1920
ВЕЧАРАМ
Хавае змрок у небе хмары.
Агонь ён паліць вечных зор;
Глядзіцца месяц у выгары,
Дзе не змаўкае жабаў хор.
Не хіліць вецер куст ракіты,
Не свішча сумна, як удзень...
На гай, на поле і на хаты
Спаўзае ночы лёгкі цень.
Туман бялее над балотам,
Дзяргач завёў траскучы спеў,
Жукі лятаюць па-над плотам,
Жывёла йдзе з пагону ў хлеў...
Ідуць ад працы ў вёску людзі,
Дзяўчаты, хлопцы, мужыкі,
І гукі песні роднай льюцца,
Як хвалі быстрай той ракі...
Змаўкае спеў... Вось ночы ціша
Нясе ўсяму святы спакой...
А сэрца доўга мне калыша
Твой сумны спеў, край родны мой.
1920
НА МОГІЛКАХ
Ахвярую А...
Спявай мне, дзяўчынка, пра кветкі, пра гай,
Пра лепшыя дні, пра вясну,
Пра наша каханне, галубка, спявай –
Пад ціхі твой спеў я засну.
Ці помніш спатканне, нясмелы пагляд...
Нам зорка там з неба упала,
Там месячык ясны ўзіраўся на сад,
Ты думкі мае угадала.
І песню пачуў я, ты пела тады,
А гукі нясліся далёка,
Той песні вясенняй засталісь сляды,
У сэрца запалі глыбока.
Гады праляцелі... Нібы неўзначай
Мы разам спаткалі вясну...
Дык зноў тую песню, дзяўчынка, спявай, –
Пад ціхі твой спеў я засну...
1920
КАБ Я БЫЎ…
Каб я быў крылатай птушкай,
Не ляцеў бы я у гай,
Пеў бы песні-весялушкі
Там, дзе слёзы лье ратай.
Каб я быў бурлівай рэчкай, –
Мужыка паганы лёс
Не знайшлі б тады са свечкай,
Так далёка б я занёс.
Каб я быў прыгожай кветкай, –
Расцвітаў бы кожны год
На няўродлівым палетку,
Дзе расце палын, асот.
Каб я быў вясеннім сонцам,
Што прыгожа так гарыць, –
Бедным людзям у аконца
Першым стаў бы я свяціць.
Каб я быў на небе зоркай,
Што блішчыць, аж любата,
Я глядзеў бы на надворкі,
Там, дзе вечна цемната.
Каб я быў не тым, хто ёсць я,
Каб я быў кiм быць мне след,
Зруйнаваў бы ўсё са злосцi,
Збудаваў бы новы свет.
1921
БУНТАР
Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар.
Я балота буджу гучным шумам.
У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар,
Але змоўкнуць не дам сваім струнам.
Уздыму дух людзей, прабуджу іх ад сну, –
Славу, будучнасць я ім прарочу…
Я, мяцежны бунтар, клічу жыцця вясну,
Клічу к працы свабоднай і творчай.
Як не счуюць мяне, я мацней загуду,
Дам гучнейшы акорд песні новай…
А каб змыць з зямлі бруд, скалыхну я ваду,
Што дажджом налілася свінцовым.
Чаму ж вы, песняры, што будзілі людзей,
Чуць не хочаце песні чароту?
Нашы песні – наш кліч, бо адных мы грудзей,
Край адзін наш – то наша балота.
Дык шумі, як шумеў, велікан-ясакар,
Шапаці, спелы колас, у полі…
А я песню сваю буду пець – я бунтар!
Буду клікаць народ свой да Волі.
1922
ЗАВІРУХА
Над балотам гудзе завіруха…
Ведзьмай носіцца з краю да краю
І змятае з зямлі жыцця пацяруху…
Неба свінцовым дажджом палівае.
Бура ломіць дубы і бярозы-сталеткі,
Выварочвае хвоі з карэннем…
І ўзыходзяць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Непагоды шалёнай насенне.
Мы засыпаны снежнымі іскрамі,
Ломім ногі ў галлі буралому…
Крычым сонцу: «Блізка мы, блізка мы!
К свету Вялікаму! Новаму!»
Нам не страшна мяцеліца смерці
І напевы хаўтурныя ветру…
Ўсё жыццё нам прыходзілась мераць
Агнявыя балоты і нетры.
Завіруха як свішча – мы слухаем…
Песцяць сэрца жалобныя песні…
Свет стары яна смела парухае, –
Гэта бура зімы на прадвесні.
Падарожны не згіне ў мяцеліцу,
Шлях ён знойдзе ў тумане балота…
Тут адважнаму путніку верыцца,
Што ўжо хутка міне яго слота.
Сонца гляне – асвеціць палеткі,
Згіне з сэрца бязмерная скруха…
Закрасуюць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Сціхне плакаць жыцця завіруха.
1922
***
Я пясняр лясоў, балота
І загонаў каласістых…
Мае песні – шум чарота
Па-над рэчкаю імглістай.
Мае песні – песні долі,
Шопат зор у паднябессі…
Хай ляціць, жыве на волі
Гучны вокліч маёй песні.
Мае песні – песні буры,
Гоман лесу ў непагоду,
Страшны посвіст злой віхуры,
Смелы кліч майго народу.
Мае песні – песні волі
Гімн паўстаўшых на прадвесні…
Хай нясецца, хай ніколі
Не загіне вокліч песні!
1922
2021-11-07