Прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа Дзмітрый Бугаёў піша пра творчасць, мастакоўскую і чалавечую адметнасць цэлага шэрагу пісьменнікаў – ад вялікіх класікаў да жывых сучаснікаў.
Літаратурныя з’явы разглядаюцца па-новаму. Шмат увагі аддаецца таму, як наша літаратура у сваім імкненні да эстэтычнай дасканаласці вызвалялася ад бальшавіцкіх ідэалагічных стэрэатыпаў, набывала агульначалавечую маральна-этычную змястоўнасць, заглыбляючыся у жыццё, умацоўвала нацыянальную характэрнасць, якая забяспечвае розгалас у вялікім свеце. Кніга можа быць карыснай для ўсіх, хто вывучае беларускую літаратуру, цікавіцца ёю як галоўнай апорай нацыянальнай культуры.
У кнізе «Служэнне Беларусі» прафесар Дзмітрый Бугаёў піша пра жыццё і творчасць Васіля Быкава, Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Дубоўкі, Міхася Зарэцкага, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова, Івана Мележа, Пімена Панчанкі, Міколы Лобана, Алеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Пысіна, Рыгора Семашкевіча, Яўгеніі Янішчыц, Генадзя Бураўкіна, Алеся Жука.
Вось, напрыклад, як піша Дзмітрый Якаўлевіч пра Уладзіміра Караткевіча: «Арыгінальны мастак Караткевіч і пачынаўся як рамантык, і заставаўся ім на працягу ўсёй сваёй творчасці. Бо рамантычнае светаадчуванне было для яго надзвычай арганічным, вызначала глыбінную сутнасць яго і літаратурных, і жыццёвых пазіцый. Толькі рамантык ва ўсім мог гаварыць так расчулена, з выключнай пранікнёнасцю, як гаварыў Караткевіч, звяртаючыся да прысутных на вечарыне, прысвечанай ягонаму 50-годдзю: «Сябры мае і сяброўкі!
От няўжо вы думаеце, што я быў бы чагосці варты без вас, якія сышліся сюды з большай ці меншай там кожны дозай сімпатыі да мяне. Мабыць, нічога не быў бы варты без вас, дарагія, без зямлі беларускай вялікай, без вялікага беларускага народа, без вялікай беларускай мовы. І таму дзякуй вам за тое, што я еў яе хлеб чорны, піў яе смачную ваду, дыхаў яе паветрам, паціскаў самыя верныя на свеце мужчынскія рукі ў дружбе, рукі нашых мужчын, і зрэдку шанцавала і мне цалаваць рукі самых мілых істот на свеце, нашых жанчын. Дзякуй вам, людзі!
Яшчэ раз, тысячу раз дзякуй вам!
Без вас я нішто».
Знайсці і прачытаць кнігу можна ў краязнаўчым цэнтры бібліятэкі.
Даведка. Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў (12 студзеня 1929, в. Сычык, Крычаўскага раёна, Магілёўскай вобласці – 28 снежня 2017) – беларускі літаратуразнавец і крытык. Кандыдат філалагічных навук (1960), прафесар.
У 1945–1948 вучыўся ў Магілёўскім педагагічным вучылішчы. У 1948–1952 у Магілёўскім педагагічным інстытуце. У 1952–1955 у аспірантуры Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.
У 1955–1959 працаваў у Мазырскім педагагічным інстытуце, у 1959–1964 у Інстытуце літаратуры АН БССР, з 1964 дацэнт БДУ, дзе выкладаў на філалагічным факультэце. Член беларускага ПЭН-цэнтра з 1989. Член СП СССР з 1961.
Друкаваўся з 1957. Выступаў у друку па праблемах сучаснага літаратурнага працэсу, мастацкага майстэрства і стылю. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1-2, 1965–1966).
Аўтар кніг: «Шчодрае сэрца пісьменніка» (1963), «Паэзія Максіма Танка» (1964, 2003: 2-е выд.), «Уладзімір Дубоўка» (1965), «Максім Гарэцкі» (1968, 2003: 2-е выд.): першае, пасля часу замоўчвання, даследаванне творчасці Гарэцкага, «Шматграннасць» (1970), «Зброяй сатыры, зброяй праўды» (1971, 2004: 2-е выд.), «Вернасць прызванню: Творчая індывідуальнасць Івана Мележа» (1977), «Талент і праца» (1979), «Чалавечнасць» (1985), «Васіль Быкаў» (1987), «Арганічнасць таленту» (1989), «Спавядальнае слова» (2001), «Служэнне Беларусі» (2003).