12 жніўня 2020 года святкуе дзень нараджэння паэт, крытык, эсэіст Леанід Галубовіч.
Аўтар кніг «Таемнасць агню», «Споведзь бяссоннай душы», «Таемнасць споведзі», «Заложнік цемры», «Аист без гнезда», «Зацемкі з левай кішэні», «Апошнія вершы Леаніда Галубовіча».
Запрашаем у краязнаўчы цэнтр пазнаёміцца з творчасцю таленавітага пісьменніка.
***
Шукаю чытача –
Хаўрусніка душы,
Які б з майго пляча
Цяжар пералажыў
І на сваё плячо…
Лягчэй дайшлі б да мэты.
Так мала чытачоў,
І тыя ўсе – паэты.
І ўсё ж жыве, аднак,
Надзея, і здаецца,
На слова
хоць адна
Душа ды адзавецца.
МОЙ ЖНІВЕНЬ СПЯКОТНЫ…
Душна штосьці, сябры…
Жнівень надта спякотны.
Ні ў двары, ні ў бары
Не ўсядзець без работы.
І зямліца да рук,
Як крывіна – да сэрца…
Аддаю, што бяру,
І бяру, што даецца.
Ёсць да хлеба і ёсць
Для душы й за душою.
Я ў Айчыне – не госць…
Мне яна – не чужою…
Мне б крынічнай вады,
Як таму травастою,
Ад якое сады
Зелянеюць вясною.
Дайце ж гэтай вады
З нетраў любай Айчыны,
Каб не знаў я нуды
Да смяротнай хвіліны.
***
Жніўнем прапахлыя едуць вагоны
Ў снежную замець на перагоны.
Помню іх поўнымі садам і полем.
Гойдае вецер голае голле…
Даўняя дума цёплага лета
Белай завеяй у полі адпета.
Што ж я згадаў пра кажух тут і дровы,
Сам, як зіма, малады і суровы?..
Можа, надзею губляю на потым?
Дай мне збавенне, як прагу работы.
Дай да вясновых данесці праталін
Некалькі слоў сваіх, некалькі каліў…
***
Няпэўна так жывеш,
Што сам сабе не верыш,
І пішаш кожны верш,
Бы стукаешся ў дзверы
Сусвету усяго,
Нібыта ў час зацьмення,
І прагнеш аднаго –
Ўзаемаразумення.
***
Узняўся вецер, як тайфун.
Скруціла дрэва на вяроўку.
Ты паспрабуй яго ўтаймуй,
Калі зрабіць не можаш кроку.
І ўсё ж: назад не адыдзі.
Не аддавай абжытай пядзі.
Стой на сваім, як, паглядзі,
Вунь дрэвы скручаныя ў садзе.
Счарнелы, грозны небасхіл
Усё з зямлёй змяшае разам…
Прадухіліць не маеш сіл,
А выстаяць – твой абавязак.
Даведка. Галубовіч Леанід Мікалаевіч нарадзіўся 12 жніўся 1950 года ў вёсцы Вароніна Клецкага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Грыцэвіцкую СШ, Слуцкае ГПТВ № 97 электрыкаў і Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літінстытуце ў Маскве (1986–1989). Працаваў электрыкам у родным калгасе і на прадпрыемствах Жабінкі, Слуцка і Клецка. З 1990 года – рэдактар літаратурных перадач БТ. З 1994 года – загадчык аддзела прозы і паэзіі ў часопісе «Крыніца». З 2002 года – у РВУ «Літаратура і мастацтва». Узначальваў аддзел крытыкі ў «ЛіМе».