Восеньскі настрой з Нінай Мацяш
Рух восені пачынаецца ў сэрцы, праяўляе сябе асаблівым настроем, тым непаўторным і непараўнальным ні з чым поглядам чалавека, узрушанага адкрыццём нябачных плыняў і сэнсаў быцця. Восень глядзіць на нас вачамі паглыбленага ў сябе чалавека, у восені аблічча гарэзы-дзіцяці, які раптам сцішыўся, трымаючы ў руцэ кляновы лісток. Рух восені моцны, усёпаглынальны, але цалкам унутраны.
Ніна Мацяш, якая нарадзілася ў канцы верасня, была сама быццам вытканая з тонкіх нітак настрояў і сэнсаў вечнасці. Яе вытанчаная глыбокая паэзія адгукаецца самым празрыстым, як ранішняе шкельца першага лёду, пачуццям, якія мы зберагаем для самых сваіх любімых.
***
Лёгкі шоргат – і ціша…
Хто знянацку заспець мяне хоча?
Азірнулася:
апалым лістком
восень глянула ў вочы…
***
Зноўку дождж
са сваёю халоднай думою сам-насам,
як згалелыя дрэвы,
як іржавы быльнёг,
як я:
смутак стаўся часам…
В. Паўлавец «Кастрычнік» |
ЛІСЦЁВАЯ ЗАВЕЯ
Лісцёвая завея кружыняе.
Заплюшчу вочы – і мяне няма…
Душа ў такой аддалечы лунае,
як быццам і не ведала ярма.
Што верадна гняло бесперастанку
ды ўкараняла несмач і тугу,
як смецце, здзьмухнуў посвіст берасцянкі
ва ўзрушанага верхавецця гул.
Там радасна куляецца вятрыска,
уторыць берасцянцы бас-дудой,
і падалісту залатая пыска
цалуе неба ўзнёсласці й маёй.
Лісцёвая завея кружыняе,
заплюшчу вочы – і няма мяне…
Душа ў такой аддалечы лунае,
куды зямное смецце не сягне.
БАБІНА ЛЕТА Ў БЕЛААЗЁРСКУ
(вянок санетаў, урывак)
3
Рабінавыя гронкі правакуюць
Ніякім чынам іх не абмінуць,
Падскокнуць і ўхапіць а хоць адну –
Крамяную, тугую, сакаўную.
На дрэвах побач шмат яшчэ лістоты –
На берасце, бярэзніках, клянах.
Адно рабіна, нібы жарына –
Аголенасць, распаленасць і цнота.
Патаньчыць там, нібы ў кастры, сінічка –
І ягад кармазынавыя знічкі
Ляцяць уніз, цярушацца няўзнак…
Ад ягад тых гарчаць з учора вусны,
А сёння зноў, чамусьці зноў спакусна
Пакаштаваць спякоту іх на смак.
ВОСЕНЬ
Ластаўка вясну пачынае,
восень наклікае.
Народнае
Ляцелі ў святліцу,
А трапілі вязнямі ў цэлю.
О, сцены!
Злавесныя гэтыя цені!
За кратамі
Восень трасе рызманамі стракатымі –
Мроівам шат.
Заўсёды так мала хацела я:
Святла ды цяпла.
А вось выяўляецца:
Хацела – заўсёды! – зашмат.
Напраўду зашмат.
Нераскайна
Высозную цэннасць
Надавала сама
І парыўнаму кроку насустрач,
І загойнаму слову.
Твайму.
Надавала шалёную цэннасць,
А спаўна заплаціць не магла.
Не ўмела.
Так імкліва
Пяшчотная ластаўка наша падворышча абляцела,
Каб даверліва нам перадаць абавязак свой –
На падвор’е наклікаць зіму.
У ВЕРАСНЁВЫМ ПОЛІ
Нам добра тут , у гэтым голым полі,
Дзе на рудой пакошы незнарок
Яшчэ ўбярог сваё рудое полымца
Неспадзяваны васілёк.
Нам добра тут , хоць рэзкі ходзіць вецер –
Ды ў неба шчэ багата глыбіні,
I сонца шчэ з-за хмар імклівых свеціць нам
I не шкадуе цеплыні.
З такой лагодай, гойна і няўтомна
Прасцяг да сэрца нас хіне свайго.
I так выразна бачыцца нам, хто мы ёсць
Адзін для аднаго...
***
Адляцела лістота ў чарговы свой вырай,
У апошні свой вырай, адкуль
Не бывае вяртання праз прыгавар жвіру
Аніводнаму болей лістку.
Як кнаты абгарэлыя, ў неба цягнуцца дрэвы,
Ў дажджавую яго сівізну.
Толькі ж ведаюць дрэвы, што за ёю дзесь дрэмле
Сіне-сонечны спеў пра вясну.
***
І зноў сумую па буслах,
Нібы па родным чалавеку:
Іх восень ціха адвязла
На рыжым чоўне дзесь да грэкаў,
Ці мо ў Егіпет, ці куды, –
Далей ад дрыжыкавай слоты.
Стаяць манахамі сады
Ў сутанах вымаклых за плотам.
ЛІСТОК
На ўсёй галіне толькі ён адзін,
Адным душою кволы лісцік буры
Яшчэ ўцалеў у бурах мне наўздзіў
I на пасмех-пацеху новым бурам.
О дзе ты, промня веснавога шоўк?!
Ў адказ цыклон кастрычніцкі азваўся...
Дрыжыць лісток,
ды не таму, што зжоўк,
Другое страшыць:
што адзін застаўся...
ЛІСТАПАД
Зноў наступнасць мая – без цябе.
Са здзіўленнем і зябкасцю ў целе
Я заўважыла толькі цяпер,
Што таполі зусім абляцелі.
I што луг і зрудзеў, і зліняў,
У рабін паабдзёўбаны гронкі, –
Хоць яшчэ на двары – цеплыня,
Звон нябёсаў пяшчотны і тонкі.
Ліст апалы у пальцах кручу.
На галіне карычневай почка –
Вёснаў будучых соннае вочка.
Ліст апалы у пальцах кручу...
КАСТРЫЧНІЦКАЕ
У садзе маім – залатыя жыткі ды вяргіні.
Па ліпеньска-жнівеньскіх люта навальных дажджах
Кароткія дні ўшчэрць наліты і сонцам, і сінню,
Цяплом і лагодай атулены дол па начах.
У садзе маім, павуцінкай знітованы белай,
Ідуць клён з бярозкай на гібельна-зоўны касцёр.
I гэтак дзівосна, і блізка ўсё, і зразумела,
Нібыта прырода ўзяла маю жытку за ўзор...
АРАБІНЫ
Стрымгалоў ляцяць уніз дажджы рабыя,
Восень лісце замятае на парог.
Арабіны, арабіны, арабіны,
Як паходні каля выцвілых дарог.
Арабіны, арабіны, арабіны,
Бы струмені зацвярдзелага віна
Ці асколкі цеплаватага рубіну
У рудых далонях схмаранага дня.
Хоч не хоч, ды толькі часу не прыпыніш.
Лета бабіна кароткае, бы ўскрык.
Гнуцца долу арабіны, як рабыні,
Як збавення, выглядаюць красавік.
З чароўнай паэзіяй і прозай Ніны Мацяш можна пазнаёміцца ў краязнаўчым цэнтры.
Работы мастака Вячаслава Паўлаўца можна паглядзець у альбомах агульнай чытальнай залы.