Такі ў гэтым годзе лістапад. З дрэва жыцця злятаюць лісткі, якім, здаецца, яшчэ трэ было трымацца, радаваць людзей і натхняць. Ці гарманічна ўсё ў Сусвеце? Ці правільна? Але ж сонца свеціць, падае снег, растае, зноў усміхаюцца людзі, знаходзяць іх шчаслівыя хвіліны, і новыя крыніцы радасці і натхнення струменяць там, дзе была пустая зямля. Лісток апаў, ён сагрэе сабой нябачнае зернетка, а потым сам стане глебай для новага парастка таленту. А на дрэве жыцця ўжо рыхтуюцца да вясны новыя пупышкі.
Валеры Шкаруба "Дзічка" |
Агонія лістападу
Спіць душа, і думак алавяных
Воз на голях восеньскіх заграз...
Дзе вы, лёгкай радасці паляны,
I якое сонца грэе вас?
За якім схаваўся даляглядам
Сумны клін апошніх журавоў?
Паглядзець памкнуся – а прысады
Голлем шлегануць: «Ідзі дамоў...»
Голы вецер свісне:
– Ты не вельмі
Давярайся восені ў жыцці:
Хоць і ўсё дазволена – ды нельга,
Хоць адкрыта ўсё – ды не ўзляціш...
Воля тут, як спелая рабіна:
Хустка ёсць, ды нечага абуць, –
He ўцячы ад налеці драздзінай:
Кроплі-ягады крывавыя дзяўбуць...
Абмакрэлым, незямным цяжарам
Цягнуць хмары шэрую нуду...
Хутка ўдараць белыя пажары,
Полымем сцюдзёным загудуць...
Васіль Зуёнак
***
У эпіцэнтры восені,
У беразняку
Ліст з настылай просіні
Злятае на руку.
Зялёныя пражылкі,
Жаўтлявае крыло, –
Адбіўся, пакружыўся,
Ды ветрам не змяло...
Як свойская сініца,
На цёплую далонь
Даверліва садзіцца,
А з вачанят – агонь, –
Халоднага пажару
Трымценне і спалох,
Бярозавых стажараў
Прадснежаньскі парог...
Васіль Зуёнак
Запрашаем у Краязнаўчы цэнтр, Картинная галерея лауреата Государственной премии Республики Беларусь Валерия Фёдоровича Шкарубо,
агульная чытальная зала - дзе вы маеце магчымасць пазнаёміцца з творчасцю Валерыя Шкарубы.