Sidebar

19
Вт, окт

«Маладосць»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Краязнаўчы цэнтр прапануе новы нумар часопіса «Маладосць».

З рубрыкі «Паэзія»:
Павел Капанскі
шэпт тысячы галасоў

не гарыць у печы
з-пад вады паднімаецца
і выбухае

шэпт тысячы галасоў

як малітва

да тых
хто не чуе
біцця свайго сэрца
енку сумлення
крыватоку гісторыі

да тых
хто не бачыць
бо не верыць вачам сваім
бо заплюшчвае іх
і жыве сваёй няпраўдай

да тых
хто не разумее
ні цябе
ні мяне
ні сябе самога

З убрыкі «Проза»:
Марыя Дзем’ячэнка
«Вужыныя казкі» (фрагмент)

«Некалі ў тыя даўнія часы, калі людзі яшчэ маліліся камяням і сонцу, па нашых землях бадзялася шмат дзівосных істотаў, а легенды дыхалі і рухаліся.
Менавіта тады амаль у кожнай хаце жыў дамавік, які адганяў ад гаспадаркі малыя беды і папярэджваў пра вялікія. Часта ён меў выгляд коткі ці сівога дзядка, але таксама не былі рэдкасцю вужы-дамавікі. Адным з іх і быў герой нашай гісторыі…»

З рубрыкі «Пераклад»:
Станіслаў Ежы Лец
(пераклад з польскай Андрэя Хадановіча)

Звычайна
Звычайна
людзі будуюць
паміж сабою масты
даўжэйшыя за адлегласць
што іх падзяляе.
Тут не памылка ў разліках.
Вышэйшая матэматыка
звычайнай табліцы множання
інстынкту самазахавання.

Вечна
Мы вечна ходзім
тым самым цугам па коле
для маскіроўкі
закручаным у спіраль
якая бясконца вядзе
ўвышыню.

З інтэрв’ю вакалісткі-гітарысткі гурта «Няміга» Ксеніі Валенды
(гутарыў Дзмітрый Шулюк):

«Мне вельмі спадабалася ствараць песні на словы беларускіх сучасных паэтаў, сярод якіх вельмі шмат таленавітых людзей, пра якіх часам мала хто і ведае, і вельмі крута, калі ты сам іх для сябе адкрываеш».
«…вялікае шчасце знайсці ў сваім жыцці такую каманду, якая падтрымлівае цябе, дапамагае табе і ствараць, і несці пасля гэтую творчасць у грамадства».
«…галоўны скарб – безумоўна, людзі, якіх я знайшла, і мы знайшлі, цягам існавання праекту. Бо калі ты ставіш сабе задачу рабіць нешта добрае і светлае, то гэта ў пэўны момант прыцягвае да цябе такіх жа людзей».

З раздзела «Публіцыстыка»:
Андрэй Акушэвіч
«Роля Змітрака Бядулі ў стварэнні першага нумара дзіцячага часопіса “Зоркі”» (фрагмент)
«Творы Змітрака Бядулі ўжо доўгі час уваходзяць у кола дзіцячага чытання, вывучаюцца ў праграме па беларускай літаратуры для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
…Трывалая сувязь пісьменніка з дзіцячай аўдыторыяй падтрымлівалася і дзякуючы таму, што ён з’яўляўся рэдактарам аднаго з першых беларускамоўных часопісаў для дзяцей «Зоркі» (друкаваўся ў 1921–1922 гг.), толькі 10 нумароў якога пабачылі свет».

2021-06-15