Краязнаўчы цэнтр – месца, дзе шануюць беларускую гісторыю, беларускую культуру, беларускую мову.
Сюды прыцягваюцца людзі, якія дапамагаюць захоўваць памяць пра нашае гераічнае мінулае і ствараць новую гісторыю, дапамагаюць гучаць беларускай мове ў зносінах і паэтычным стылем, не гледзячы ні на што. Тут пульсуе жывая беларуская гаворка, б’ецца сэрца нацыянальнай культуры. Складаныя часы не выключэнне: літаратары, гісторыкі, мастакі і спагадлівыя неабыякавыя наведвальнікі завітваюць у наш цэнтр штодня. І кожны з нас ведае: нішто не маўчыць для таго, хто навучаны слухаць (Кастусь Тарасаў).
Проста зараз для вас пульс восені ў кранальных словах Таісы Бондар.
***
Восень зноў прыўзняла паранджу,
Атрасаючы шэрань і слоту, –
Зазіхцелі, зіхцяць пазалотай
Цені клёнаў у лужах дажджу.
Зазіхцелі, цвітуць аблачыны
На сцяблінах-струменях святла,
На лісці, што віхор распатлаў
І развеяў над волкай лагчынай.
Дзень-другі – і прышэрхне лісцё
Пад нагамі ў старой гаспадыні:
Неба ззяе, а сінь ужо стыне,
Клён гарыць – а галлё, як асцё.
Ды не хочацца думаць пра тое,
Што азвецца праз некалькі дзён:
Думкі ціха пагойдвае звон
Залатога, як ранак, спакою.
АСЕННІЯ ДАЖДЖЫ
Самотна плывуць дажджы,
Захутаныя у хмары.
Відаць, найцяжэйшая кара –
Над восенню вечна кружыць,
І слухаць скаргі таполяў,
І гразь па дарогах мясіць –
Быць цацкай няведамых сіл,
Не зведаўшы волі ніколі.
Расплёскаюць боль свой і зноў
Наноў па крупінцы збіраюць
Сум рэк, крык птушынае зграі,
Дыханне счарнелых лясоў.
І сонца – тугу растапіўшы,
Скрывавіць нябёсаў крыссё! –
Не радуе. Ліпкаю цішай
Даўно набрыняла ўсё.
Вось зараз вясну б падарыць
Прадзьмутым вятрамі абшарам!..
Дажджы, захінуўшыся ў хмары,
Самотна плывуць угары.
В. Паўлавец «Восеньскі смутак» |
***
Ёсць у восені ціхае-ціхае лета.
Мо раптоўна памроіцца нешта ў цішы,
А ўжо нельга надзею нічым патушыць,
Аж пакуль не згарыць
восень з ёй непрыкметна.
Ёсць у восені лета…
Ёсць у восені ціхая-ціхая песня.
Струны срэбныя ўночы нацягнуць дажджы.
Вецер, нібы музыка, па іх прабяжыць –
І самотныя гукі абступяць нас цесна.
Ёсць у восені песня…
Ёсць у восені ціхая-ціхая радасць.
Адзвіняць, адсумуюць, адскардзяцца дні.
І адчуе зямля, што ў яе глыбіні
Прарастае жыццё,
зноў набудзе прывабнасць.
Ёсць у восені радасць…
***
Кастрычнік абязлісцеў і заззяў
Адразу павышэлым небасхілам,
І ўсё – ўсё, што ўспрымалася панылым
У змене дзён ці ў падаплёцы з’яў,
Раптоўна стала ясным, прасвятлела:
Ні горычы на сэрцы, ні нуды…
Нібыта што балела – адбалела,
Што мучыць – адпусціла назаўжды.
Пагляд люструе далячынь скразная,
За ім увысь плыве п’янлівы звон…
Захмеліць, звабіць гэта высь, я знаю,
А п’ю і п’ю святло празрыстых дзён.
***
Сонечная ўсмешка лістапада
Адагрэла ззяблую душу…
Рада абуджэнню ці не рада,
І самой сабе не адкажу.
Бачу ж, як праз рэдкую лістоту
Цэдзіцца халоднае святло
І ў падцёках жухлай пазалоты
Толькі тло, іржа нябёс і тло.
І ў якім бы светлым прадчуванні
Ні хавалася – азвецца страх:
Дагарыць і дзень, і спадзяванне
На цяпло ад згаслага кастра.
Дзе яно, цяпло, для адзінокіх
Перад Богам? Хто каму ілгаў?
Угары – халодныя аблокі,
У душы – халодная туга.
Запрашаем у краязнаўчы цэнтр.
З акварэлямі Вячаслава Паўлаўца вы можаце пазнаёміцца ў агульнай чытальная зале.