Sidebar

02
Пн, дек

«Эфект прысутнасці». 180-гадовы юбілей Элізы Ажэшкі

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

6 чэрвеня 2021 года адзначаецца 180-годдзе з дня нараджэння польскамоўнай пісьменніцы беларускага паходжання Элізы Ажэшкі.

Што такое эфект прысутнасці пры чытанні кніг, напісаных стагоддзе і болей таму? Часткова ён ствараецца, калі пагружаешся ў акалічнасці іх напісання, а для гэтага іх трэба ведаць… Часткова – неўміручым майстэрствам аўтара. Гэта яно, майстэрства, прымушае перачытваць асобныя эпізоды, а то і цэлыя творы. Ёсць кнігі, якія хочацца завучваць на памяць (з артыкула «Эфект прысутнасці»). Гэтую прадмову журналістка, даследчыца творчасці Ажэшкі Святлана Воцінава напісала да кнігі «Над Нёманам» выдавецтва «Беларуская навука». У кнігу ўвайшлі аднайменны раман і навелы пад агульнай назвай Gloria victis («Слава пераможаным»).
Жыццё і дзейнасць Элізы Ажэшкі (1841–1910) цесна звязана з Беларуссю. Яна жыла спачатку ў ваколіцах Гродна, а пасля ў самім горадзе, дзе зараз знаходзіцца яе дом-музей. У час паўстання 1863 г. была сувязной паўстанцкага атрада, асабіста знаёма з Францішкам Багушэвічам, Рамуальдам Траўгутам. Водгулле паўстання асабліва адчуваецца ў цыкле навел Gloria victis, якія Ажэшка ўключыла ў сваё апошняе прыжыццёвае выданне (1910).

Каб захапіцца непаўторным аўтарскім стылем Ажэшкі прапануем фрагмент навелы «Яны»:
«…Быў доўгі зімовы вечар у ціхім зачыненым пакоі, калі мая даўняя знаёмая, з тварам, скіраваным да святла лямпы, з глыбіні самага глыбокага задумення прамовіла:
– Твае пытанні пра мае згадкі, просьбы твае, каб я свае ўспаміны даверыла тваёй памяці, пераносяць «душу маю самотную» ў тую вясну, у той сон, у тую гадзіну, калі гадзіннік прадвызначэння зазваніў гучным голасам.
Вясна прамінула, сон знік, гадзіна памерла, і душы людскія засталіся далёка за імі, віраваннем жыцця яны адносяцца ўсё далей, аднак я заўсёды памятаю іх.
О, вясна! Хто бачыў цябе ў нашым краі…
Памятная вясна…
Хто бачыў цябе, якой ты была…
Багатая на падзеі, надзеямі поўная!
Я дагэтуль бачу цябе, цудоўны сонны прывід!
Прамільгнула яна на самым пачатку майго жыцця, як залаты і крывавы сон, і знікла. Свет атуліла цемра. У гэтай цемры мая душа, вечна самотная, была ў пагоні за залатымі сонечнымі снамі – па палях, над якімі стаяла глухая цішыня ды забаўляўся пануры вецер.
Хочаш ведаць падрабязнасці, імгненні, фрагменты той вясны. Добра. Слухай!» (пераклад з польскай мовы Анатоля Бутэвіча).

Бачым, што твору ўласцівы даверлівы тон жывога аповеду жывога чалавека, які перажыў моцны стрэс. Больш падрабязна пра адметныя рысы згаданай навелы і ўвесь цыкл Gloria victis – у артыкуле Анатоля Бутэвіча «Нечаканая Ажэшка» («Дзеяслоў» № 4, 2008).
Са згаданай кнігай і артыкулам, а таксама з іншымі творамі пісьменніцы можна пазнаёміцца ў краязнаўчым цэнтры.

2021-06-03