7 ліпеня 2021 г. адзначаецца 225-годдзе з дня нараджэння беларускага і польскага паэта, драматурга, перакладчыка Яна Чачота.
Жыццё паэта было моцна звязана з Наваградчынай, дзе ён нарадзіўся і правёў дзіцячыя гады… Наваградская зямля – радзіма Адама Міцкевіча, Ігната Дамейкі, Дыянізія Хлявінскага і іншых прагрэсіўных людзей, актыўных удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху. Яны хацелі лепшай будучыні свайму краю, працавалі над самаўдасканаленнем, вывучалі фальклор, побыт і гісторыю свайго народа, ведалі і шанавалі беларускую мову. Любоў да зямлі бацькоў аб’яднала іх у філамацкі саюз, асноўнай мэтай якога было служэнне Айчыне. Так, Ян Чачот у «Думках для ніжэйшага класа» сцвярджаў: «Той, кто прысвячае сваю працу – фізічную ці разумовую – свайму краю, усё робіць для яго дабра, з’яўляецца адначасова карысным грамадству чалавекам і паважаным грамадзянінам». Фактычна гэтыя словы сталі жыццёвым крэда пісьменніка, прадвызначылі праграму яго творчай дзейнасці. Менавіта патрыятызм – ключ для глыбокага разумення мастацкага свету яго паэзіі…
Радзіма паэта – краіна кантрастаў, дзе надзвычайная прыгажосць прыроды суседнічае з цяжкай працай сялян, з іх горкім жыццём. Сапраўды, як слушна сцвярджае А. Бельскі, «…для пэўнага беларускага рэгіёну ўласцівы свае найбольш характэрныя вобразныя знакі свету». Рэгіянальны свет Чачотавых твораў вызначаецца дакладнасцю ў апісанні навакольнага асяроддзя, таму створаны аўтарам вобраз Наваградчыны стаў адметным элементам нацыянальнай карціны свету (з артыкула магістра філалагічных навук Таццяны Кохан у часопісе «Роднае слова» № 11, 2019).
Яшчэ Максім Багдановіч сваім пільным мастакоўскім вокам здолеў разглядзець на захмараным літаратурным небе Беларусі надзвычай яркую, вельмі адметную і вабную зорку, імя якой – Ян Чачот. Называючы самых першых «будзіцеляў» нацыі, пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, якраз гэтае імя вылучыў аўтар «Слуцкіх ткачых» сярод іншых пісьменнікаў першай паловы ХІХ стагоддзя. У артыкуле «Беларускае адраджэнне» ён зазначыў: «Больш каштоўны ўклад у беларускую літаратуру ўнёс Ян Чачот… Шчыры дэмакрат, які горача любіў беларускі народ, ён збіраў і выдаваў творы беларускай паэзіі, пісаў па-беларуску маралізатарскага характару брашуркі (яны, аднак, не былі надрукаваны), а ў зборніку «Piosnki wieśniacze» (1844) змясціў каля трох дзесяткаў сваіх беларускіх вершаў, напісаных на ўзор народных песень. Стыль быў вытрыманы Чачотам так удала, што гэтыя п’ескі неаднаразова перадрукоўваліся рознымі этнографамі як чыста народныя».
Такая высокая ацэнка творчасці Яна Чачота давалася ў той час, калі яшчэ не былі вядомыя яго некалі вельмі папулярныя сярод студэнтаў і іншай моладзі, поўныя агню і маладога шалу беларускія філамацкія вершы і песні, яго выключна цікавыя, заснаваныя на беларускіх народных паданнях балады, што зрабілі вялікі ўплыў на Адама Міцкевіча, урэшце, яго, знойдзеныя толькі нядаўна, «Спевы пра даўніх ліцвінаў» – своеасаблівая гісторыя старажытнай Беларусі ў песнях…
Усе творы Яна Чачота – сапраўды беларускія. І не толькі тыя, што напісаны на беларускай мове, але і польскамоўныя. Беларускія і сваім пафасам, і тымі праблемамі, якія вырашае ў іх паэт, і выключна мясцовым матэрыялам, вельмі добра вядомым аўтару. Яны самі па сабе яскрава гавораць нам, што Ян Чачот – сапраўдны беларускі нацыянальны паэт, творчасць якога павінен ведаць кожны культурны грамадзянін Беларусі (з артыкула Кастуся Цвіркі «Яркая зорка беларускага адраджэння» да кнігі Выбраных твораў Яна Чачота выдавецтва «Беларускі кнігазбор», 1996).
З усімі вышэйзгаданымі крыніцамі вы можаце пазнаёміцца ў краязнаўчым цэнтры.
НЕЯК ЛЯ ГАЮ МЫ З ЗОСЯЙ ЛІЧЫЛІ…
Неяк ля гаю мы з Зосяй лічылі
Ружы на кусце і спрэчку ўчынілі.
Зося лічыла і кажа: «Пятнаццаць».
Я ж палічыў і кажу: «Не, шаснаццаць!»
Мо памылілася – зноў яна лічыць,
Толькі адной ружы зноў не далічыць!
Колькі ні лічыць, зноў кажа: «Пятнаццаць!»
Я ж палічу і кажу: «Не, шаснаццаць!»
Тут на мяне Зося аж зазлавала -
Хоча ўцячы, размаўляць перастала.
«Зося, чакай, не ўцякай, мая міла:
Гэта ж сябе, пэўна, ты не лічыла!»
ЯНА ДАЛЁКА
Трызню табою, адзінай,
О маё шчасце, дзяўчына!
Дзе ты, жыццё маё, ранне,
Ты, маё ў свеце каханне?
Ты за той дальняй смугою!
Не за адной ты гарою,
Не за аднымі барамі,
Не за аднымі гарамі!
Дзеляць нас земляў абшары,
Горы, лясы, нібы хмары,
Дзеляць аблокаў чароды,
Розныя дзеляць народы.
Ці калі ўбачу цябе я?
Ці я прайду скрозь завеі,
Тыя між намі абшары,
Горы, лясы, нібы хмары?
ГОЛУБ
Я паслаў бы, голуб,
Цябе ў любы край,
Дзе маё каханне,
Дзе мой светлы май.
Мо б занёс праз далеч
Мілай колькі слоў:
Лейлі, ты мне люба,
Жыў я і здароў.
Я сказаў бы, голуб:
Мчыся ў добры час,
Між дзяўчат пазнаеш
Мілую ты ўраз.
Твар яе журлівы,
Хоць на вуснах – смех.
І сядзіць самотна
Між людскіх уцех.
Ты яе пазнаеш,
Бо яна – адна,
Самая з наймілых
Мілая яна.
Што яна – красуня,
Слова нават дам.
Ну, а ці сумуе...
Ты убачыш сам.
2021-07-07