Вось і стартаваў доўгачаканы праект «Чытай - Валяй» у дзіцячым аддзеле ДУК "Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І.Х.Каладзеева", пры падтрымцы студыі войлакаваляння “Час цяпла”(vremytepla).
Асноўная мэта праекта - адраджэнне традыцый сямейнага чытання і сумеснай творчасці, далучэнне бацькоў і дзяцей да сістэматычнага чытання, наведвання бібліятэкі і фарміраванне эстэтычнага густу, крэатыўнасці ў дзяцей на аснове традыцыйных і сучасных відаў работы з войлакам. Хваляваліся ўсе: і бібліятэкары, і госці, запрошаныя на сустрэчу. Яно і зразумела - ніколі не трымаўшы ў руках іголку для валяння, як можна адразу нешта зваляць? Аказваецца, можна, ды яшчэ як!
Першая частка сустрэчы была прысвечана пісьменніку Алесю Карлюкевічу і герою яго кнігі “Прыгоды Шубуршуна”. Бібліятэкар Ганна Маскалёва падрыхтавала цудоўную, яркую відэапрэзентацыю аб прыгодах Шубуршуна, паведала слухачам аб характары і паводзінах гэтай незвычайнай істоты, а потым пачалося цудадзейства: стварэнне з войлаку гэтага самага Шубуршуна! І на вачах у матуль і бібліятэкараў, з-пад рук дзяцей пачалі з’яўляцца тулава, потым вочкі, шчокі, нос, рот, лапы літаратурнага героя. Дзеці самі былі ў вялікім захапленні ад сваіх здольнасцей, яны з цікавасцю паглядалі на суседа: а які ў таго атрымаўся Шубуршун? Але ж праект скіраваны на стварэнне атмасферы захопленасці і станоўчага прыняцця вынікаў, таму кожная выкананая работа была ўдастоена ўвагі!
Непрыкметна праляцелі амаль дзве гадзіны сустрэчы, задаволеныя ўдзельнікі не спяшаліся развітацца і многія задавалі пытанне: ”А калі будзе наступная сустрэча”? Зваротная сувязь ад бацькоў не заставіла сябе доўга чакаць: гэта былі словы падзякі і жаданне новых сустрэч! А яны абавязкова будуць, бо раскрыццё літаратурнай спадчыны беларускіх аўтараў, якія пішуць для дзяцей і фарміраванне ўстойлівага інтарэса да чытання кніг беларускіх аўтараў – адзін з галоўных накірункаў дзейнасці бібліятэкі, а стварэнне лялек па кнігах – захапляльна і крэатыўна!
2021-05-10