Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І.Х. Каладзеева ўдзельнічала ў мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства.
«Усе дарогі ідуць у Рым» – гэты вядомы ўсім крылаты выраз вельмі добра падыходзіць да свята, якое 4-5 верасня 2021 года праходзіла ў г. Капыль Мінскай вобласці. XХVIII Дзень беларускага пісьменства пад слоганам «Слова нас аб’ядноўвае» удала з'яднаў літаратуру, жывапіс, музыку, дазволіў сустрэцца прадстаўнікам усіх пакаленняў і творчых прафесій, аўтарам і чытачам, талентам і прыхільнікам. Вялікая дэлегацыя, безумоўна, прадстаўляла на свяце Барысаўшчыну. А менавіта Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І.Х. Каладзеева – актыўны ўдзельнік гэтага вялікага рэспубліканскага мерапрыемства ў складзе дружнай каманды аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Барысаўскага райвыканкама.
Асноўнай тэмай маштабнага мерапрыемства стаў Год народнага адзінства.
У другі дзень фестывалю ў Капылі адбыліся святочныя адукацыйныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Афіцыйная цырымонія адкрыцця свята прайшла ў 12.00 на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы на плошчы Леніна з удзелам прадстаўнікоў кіраўніцтва краіны і Мінаблвыканкама: ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія» за творы, напісаныя ў 2020 годзе, адбыўся канцэрт. Побач з раённым краязнаўчым музеем ўсталявалі помнік Цішкі Гартнага, а ў існуючым скверы уладкавалі Алею пісьменнікаў (з'явілася 17 інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў Капыльскім рэгіёне).
Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І.Х. Каладзеева атрымала пачэснае права адкрываць сваёй пляцоўкай літаратурна-гістарычны бульвар «Кніжны шлях» – гэта таму, што ў 2021 годзе Барысаў з’яўляецца культурнай сталіцай Беларусі. Дарэчы, літаратурна-гістарычны бульвар «Кніжны шлях» з'яўляецца прыемным новаўвядзеннем XХVIII Дня беларускага пісьменства. Акрамя нашай установы культуры, у святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел найбуйнейшыя бібліятэкі Мінскай вобласці – з Дзяржынска, Салігорска, Слуцка, Беразіно, Маладзечна, Капыля.
Наша пляцоўка прапанавала ўдзельнікам свята, сваім сябрам і гасцям шмат чаго цікавага і займальнага. На ўваходзе зручна ўладкаваўся лямцавы тэатр «Вандроўны чамаданчык»: бібліятэкары дзіцячага аддзела з дапамогай лялечнага тэатра знаёмілі дзяцей і іх бацькоў з беларускімі народнымі і аўтарскімі казкамі, дапамагалі ім паспрабавать сябе ў ролі акцёраў, запрашалі паўдзельнічаць у майстар-класе «Лялька-куватка» і пасправаваць свае сілы ў найцікавейшым слоўнікавым «джэме». І жадаючых-цікаўных, я вам скажу, было зашмат. Не толькі дзеці і бацькі цікавіліся лялькамі, «на лялечны агеньчык» заходзілі нават бабулі і дзядулі.
Па-суседству размясцілася інтэрактыўная пазнавальная гульня «Займальная геральдыка», якая таксама прыцягвала ўвагу многіх удзельнікаў Дня пісьменнасці. Дарэчы, што гэта за гульня, ведаеце? Карысная для кожнага з нас! Калі вам не вядома, як выглядае герб вашага роднага горада альбо іншага гарадскога населенага пункта Беларусі, вось «Займальная геральдыка» і расказвала. Яна растлумачвала само паняцце «геральдыка», знаёміла з кнігай на гэту тэму, запрашала скласці пазл ( ён ўключае герб, яго апісанне і назву населенага пункта, якога гэты герб тычыцца). Разам з тым дадам: 28 гарадоў Мінскай вобласці маюць свой герб, і каб даведацца пра гісторыі кожнага з іх, дастаткова было, не сыходзячы з пляцоўкі нашай бібліятэкі, перайсці па QR-коду і чытаць.
З другога боку ад супрацоўнікаў дзіцячага аддзела ўсталявалася прэзентацыя адукацыйна-творчага праекта «Чытай-валяй». Тут знайшлося шмат каштоўнага і для дзяцей, і для бацькоў. Працавала пацешнае фотаатэлье (нават іншы раз узнікалі чэргі жадаючых зрабіць фотаздымак), запрашала займальнае збіранне пазлаў і знаёмства з паштоўкамі, на якіх размешчаны яскравыя малюнкі зваляных літаратурных герояў з пажаданнямі. Як тлумачылася нашым наведвальнікам, такія паштоўкі можна даслаць сваім сябрам і блізкім. Спадзяёмся, хто-небудзь, магчыма, так і зрабіў.
Што тычыцца паштовак, былі на нашаў пляцоўцы і эксклюзіўныя, створаныя мастаком барысаўскай бібліятэкі Андрэем Міірзаянам! На адным баку творчага эксклюзіва размешчаны партрэт пісьменніка з кароткай фразай, узятай з яго твора, на другім – пажаданне. А пісьменнікі – юбіляры 2021 года – М. Багдановіч, І. Шамякін, І. Мележ, К. Крапіва. Паштоўку (альбо некалькі) можна было выйграць! Калі пастарацца, канешне, адказаць на пытанні літаратурнага характару.
Таксама ўдзельнікам XХVIII Дня беларускага пісьменства прапаноўвалася дэгустацыя страў, прыгатаваных па рэцэптах жыхароў Барысаўскага раёна «Духмяныя рэчы Барысаўскай зямлі» і сабраных у кнігах па дамаводству і кулінарыі з фондаў бібліятэкі. Прыгатаване па аднаму з рацэптаў, узятым з кнігі, блюда спадабалася кожнаму, хто яго пакаштаваў.
Апроч усяго, барысаўская бібліятэка прапаноўвала выстаўку «Кніжны Барысаў», прымеркаваную да рэспубліканскай акцыі «Барысаў – культурная сталіца Беларусі 2021 года». Дэманстраваліся выданні пра Барысаў і Барысаўскі раён з серый «Літаратурнае жыццё Барысава», «Новы Барысаўскі збор матэрыялаў па эпосе напалеонаўскіх войнаў і гісторыі Вайны 1812 года» і іншыя.
Побач бібліятэчны фатахранограф дапамагаў даведацца пра цесныя ўзаемасувязі Барысава і Капыля: у нашай калекцыі кніг з аўтографамі захоўваюцца мастацкія выданні пецярых беларускіх пісьменнікаў – ураджэнцаў Капыльшчыны, якія пабывалі ў бібліятэцы Барысава. Прыгожая фотазона запрашала тут жа зрабіць памятны здымак.
У гэтым жа месцы была магчымасць прыняць удзел у бліц-віктарыне «Барысаў – горад слаўны, горад старажытны!». 12 займальных пытанняў па гісторыі Барысаўшчыны сабралі шмат жадаючых атрымаць прыз.
Свята прайшло цікава і запамінальна. Вельмі прыемна было сустрэць старых сяброў і пазнаёміцца з новымі людзьмі – творчымі мэтрамі мастацтва, інтэлектуальнымі субяседнікамі, мудрымі асобамі. Прыемных уражанняў і добрых успамінаў назбіралася зашмат і надоўга!
Алена БРЫЦКАЯ
2021-09-07