Гарадская бібліятэка № 6 прапануе чытачам кнігу Алены Брава «Садомская яблыня».
Алена Брава – пісьменніца без якой цяжка ўявіць сённяшнюю беларускую літаратуру. Лаўрэатка міжнародных літаратурных прэмій, аўтарка некалькіх кніг прозы, кожная з якіх даўгачаканая, бо піша яна аб праблемах жанчын - нашых сучасніц і прадстаўніц папярэдніх пакаленняў – без ружовых акуляраў і табу. Новы раман А. Брава «Садомская яблыня» пра выхаванне жанчын паводле стэрэатыпаў і вынік такога выхавання – пасіўнасць, звыклую нерашучасць, якую псіхолагі называюць вывучанай бездапаможнасцю. У рамане шмат гратэскных персанажаў і сцэн, якія ў рэальнасці наўрад ці магчымыя. Прынамсі, у такім згушчаным выглядзе. Правобразам сталіся негатыўныя з’явы ў грамадстве – з’явы, пра якія ўсе ведаюць, пра якія пішуць СМІ: заарганізаванасць, бюракратызм. Так, усё даволі змрочна, але сакавік, вясна і снег, па якім Інга сыходіць насустрач лёсу, хоць цвёрды, але падталы. Мы ведаем, што самая цёмная ноч – перад світаннем, самы цвёрды, зляжалы снег і самыя моцныя маразы – перад надыходам вясны.




