Sidebar

18
Сб, апр

Артур Вольскі «Чалавек, якому баліць»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

23 верасня 2019 года адзначаецца 95-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка, паэта, драматурга Артура Вольскага.

У фондах краязнаўчага цэнтра знаходзяцца яго кнігі: «Чалавек, якому баліць» (выбранае, 1984) і «Наваселле дрэў» (1990). У кнігу выбраных твораў увайшлі вершы са зборнікаў: «Водбліскі далёкіх маякоў», «Далёкія і блізкія прычалы», «Дабрата», «Выратавальны круг», «Строма». Прадмову да зборніка напісаў Рыгор Барадулін. Кнігу вершаў «Наваселле дрэў» паэт прысвяціў надзённым пытанням таго часу. Лёс роднага краю і тое, што адбывалася за яго межамі, гераізм людзей у Вялікай Айчыннай вайне, сувязь мінулага з сучаснасцю і будучыняй, захапленне роднай прыродай, вечная тэма кахання – тыя пытанні, якія раскрыве паэт у сваіх творах.
Запрашаем у бібліятэку па добрыя кнігі!

Памяці Куліны
                     Рыгору Барадуліну
Пад корань ссечана каліна.
З пяском змяшаліся лісты.

Я быў знаёмы з той Кулінай,
якую меў матуляй ты.

Яна магла б цяпер нанова
пялёсткі сыпаць нам з рукі.
Ды сталі квеценню вясновай
ёй папяровыя вянкі.

Адна ў любога з нас Куліна.
Адна. На ўсё жыццё адна.
І мы гаркотаў смак павінны
зазнаць да дна. Да дна. Да дна.

І ўсё ж, калі пітво дапіта
і больш ні кропелькі ў карцы,
не думай, дружа мой, нібыта
усе пастаўлены капцы.

Узбоч няпэўнай каляіны,
пад гаману чужой вясны
глядзяць самотныя Куліны,
як аддаляюцца сыны.

І хоць з вачэй ні на хвілінку
туман яшчэ не адтае,
зірні: маленькая калінка
падобна нечым на тае.


Даведка. Артур Вольскі, сапр. Артур Зэйдэль-Вольскі (23 верасня 1924, Койданава, цяпер Дзяржынск, Мінская вобласць – 5 верасня 2002, Мінск) – беларускі пісьменнік.
Нарадзіўся ў сям’і пісьменніка Віталя Вольскага. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы (1938–1941), працаваў мастаком у БДТ-2 (Уральск). У 1942 годзе прызваны на службу ў Ваенна-Марскі Флот СССР. Служыў на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у баях супраць Японіі, дэмабілізаваўся ў 1952 годзе. Працаваў загадчыкам аддзела культуры і быту рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», адказным сакратаром часопісаў «Бярозка», «Вясёлка». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1962). З 1962 года – загадчык літаратурна-педагагічнай часткі, з 1963 – дырэктар Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1978 – дырэктар Дома літаратара, з 1980 – літкансультант СП БССР. У 1981–1984 гг. – старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1955 года). Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску. Сын Артура Вольскага – беларускі музыка і пісьменнік Лявон Вольскі.
Дэбютаваў у друку ў 1937 годзе. Напісаў на рускай мове аповесць «Родная семья» (Хабараўск, 1953, у суаўтарстве з Б. Іртышскім). Аўтар зборнікаў паэзіі «Водбліскі далёкіх маякоў» (1958), «Далёкія і блізкія прычалы» (1962), «Дабрата» (1966), «Выратавальны круг» (1974), «Строма» (1982), «Чалавек, якому баліць» (выбранае, 1984), «Наваселле дрэў» (1990). Аўтар кніг паэзіі, прозы, казак для дзяцей «Маленькім сябрам» (1955), «Дзедаў госць» (1958), «Чырвоная зорка» (1961), «Чарнічка» (1964), «Рагатка» (1971), «Што такое мікра тое» (1971), «Лясныя мастакі» (1973), «Жывыя літары» (1973), «А куды падаўся дождж» (1974), «Ізумрудавы горад, дзе ты?..» (1977), «Еду ў госці да слана» (1978), «Сонца блізка ўжо зусім» (1984), «Дабяруся да нябёс» (1984), «Ад А да Я – прафесія мая» (1987), апавядання-эсэ «Хлеб – усяму галава» (1989). Кнігі Выбраных твораў выходзілі ў 1971, 1974.
Сумесна з П. Макалём напісаў п’есы «За лясамі дрымучымі» (1959, пастаўлена ў 1958), «Марынка-крапіўніца» (пастаўлена ў 1962). У суаўтарстве з Э. Доўнер напісаў кінасцэнарый «Марынка, Янка і тайны каралеўскага замка» (пастаўлены ў 1978). Аўтар п’ес-казак «Сцяпан – вялікі пан» (1979, пакладзеная на музыку Ю. Семянякам і пастаўленая ў 1979 на сцэне Мінскага тэатра музычнай камедыі – першая беларуская аперэта для дзяцей), «Тры Іваны – тры браты» (1985), «Граф Глінскі-Папялінскі» (1986), «Каб не змаўкаў жаваранак» (1989). На Беларускім тэлебачанні пастаўлены спектаклі «Апошняя ноч Алаізы» (1986), «Водар папараці» (1989).
Перакладаў з рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, нямецкай і іўрыта.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны», медалем «За баявыя заслугі» і іншымі медалямі.