Усім аматарам дэтэктыўнага жанру прадстаўляем кнігу «Карона Вітаўта Вялікага: раманы, аповесці, апавяданні»
«Масткі прычала ўзвышаліся на аксамітных ад імху палях, апошняе перад змярканнем святло надавала ім шляхетнасці. Дом пад высокім паўвальмавым дахам стаяў звернуты да возера прыбудовамі, недалёка ад вады высілася гафтаваная крыж-накрыж з неакораных бярозавых бярвенняў вежа з цыстэрнаю на версе. Брукаваная сцежка вяла ад масткоў у абход невялікага гаю. Нават у паўцемры і тумане я ўбачыў другі бераг выспы, такая яна была невялікая. Мы з Эдмундасам выцягнулі скрыні, дапамаглі выйсці жанчынам. І мужчына на чоўне знік у тумане…» (Максім Клімковіч «Сцэнарый смерці»)
У зборнік уключаныя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў, якія плённа працуюць у жанры крымінальнага апавядання, дэтэктыва і трылера: Міраслаў Адамчык, Максім Клімковіч, Адам Глобус, Віктар Праўдзін, Людміла Рублеўская, Тэафілія Сабоцкая, Уладзімір Сакалоў, Уладзімір Сіўчыкаў, Сяргей Трахімёнак, Алесь Усеня, Мікалай Чаргінец.
Апроч займальнай інтрыгі і дынамічнага сюжэту ў творах прысутнічаюць нацыянальны каларыт і містычныя матывы беларускага фальклору.
Пра аўтараў:
Міраслаў Адамчык (часцей выступае пад псеўданімам Міраслаў Шайбак) нарадзіўся ў 1965 годзе ў Мінску. Скончыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у часопісе «Беларусь». Цяпер – у выдавецтве «Сучасны літаратар». Аўтар кніг прозы «Каханка Д'ябла» (у сааўтарстве з Максімам Клімковічам, 1992), «Забойства на Каляды» (1994). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Адам Глобус (Адамчык Уладзімір Вячаслававіч) нарадзіўся ў 1958 годзе ў г. Дзяржынск (Койданава). Паэт, празаік, мастак і журналіст. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў рэстаўратарам, мастаком, рэдактарам у часопісе «Крыніца». Цяпер – у выдавецтве «Сучасны літаратар». Аўтар кніг прозы «Адзінота на стадыёне» (1989), «Дамавікамерон» (1989), «Тэксты» (2000), «Браслаўская стыгмата» (2001), «Сшыткі» (2003). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Максім Клімковіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Мінску. Празаік, драматург, сцэнарыст. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў у часопісе «Бярозка», у творчым аб'яднанні «Тэлефільм» Белтэлерадыёкампаніі. Аўтар зборніка аповесцей і апавяданняў «Мяжа па даляглядзе» (1994). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Віктар Праўдзін нарадзіўся ў 1955 годзе ў г. Ліда. Скончыў Мінскую вышэйшую школу МУС СССР. Працаваў у праваахоўных органах, у часопісе «Нёман», першым намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Аўтар кніг прозы «Візіцёр з Поўначы» (1991), «Боль (Споведзь міліцыянера)» (1996), «Эксгумацыя» (1997), «Вяртанне з апраметнай» (1999), «Шлях да Галгофы» (2002) і інш. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Людміла Рублеўская нарадзілася ў 1965 годзе ў Мінску. Скончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, працавала тэхнікам-архітэктарам на ВА «Гарызонт». Вучылася ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага (Масква). Скончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працавала літаглядальнікам у «Народнай газеце», загадчыкам аддзела мовы газеты «Наша слова», рэдактарам часопіса «Першацвет», рэдактарам аддзела крытыкі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Аўтар зборнікаў паэзіі «Крокі па старых лесвіцах» (1990), «Замак месячнага сяйва» (1992), «Застаюся» (199б), «Балаган» (2000), «Рыцарскія хронікі» (2001), «Над замкавай вежай» (2002), кніг прозы «Старасвецкія міфы горада Б*» (2002), «Сэрца мармуровага анёла» (2003), рамана «Золата забытых магіл» (2003), кнігі казак для дзяцей «Прыгоды мышкі Пік-Пік» (2000), кнігі эсэ «Гутаркі пра філосафаў» (2004) і інш. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, Саюза журналістаў і Саюза тэатральных дзеячаў. Кіраўнік суполкі маладых творцаў «Літаратурнае прадмесце».
Тэафілія Сабоцкая – калектыўны псеўданім Міраслава Адамчыка, Адама Глобуса і Максіма Клімковіча.
Уладзімір Сакалоў – калектыўны псеўданім Міраслава Адамчыка, Адама Глобуса і Максіма Клімковіча.
Уладзімір Сіўчыкаў нарадзіўся ў 1958 годзе ў г. Жодзіна. Паэт, празаік, перакладчык, драматург, выдавец. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працаваў рэдактарам аддзела літаратуры і мастацтва, адказным сакратаром часопіса «Бярозка». Цяпер – у выдавецтве «Радыёла-плюс». Адзін з аўтараў кніг прозы «Жнівеньскі праспект» (1988), «Тутэйшыя» (1989), «Карані» (1994). Аўтар кнігі апавяданняў і п'ес «Гульня ў тастамант» (1992), кнігі прозы «Лісты да брата» (1998). Склаў кнігу прозы «Перад маімі вачыма» (1990), зборнік дэтэктываў «Кінжал з крыламі» (1994). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра.
Сяргей Трахімёнак нарадзіўся ў 1950 годзе ў г. Карасук Новасібірскай вобласці. Доктар юрыдычных навук, прафесар. Скончыў факультэт правазнаўства Свярдлоўскага юрыдычнага інстытута, Вышэйшыя курсы КДБ СССР. 3 1990 года жыве ў Мінску. Палкоўнік, з 2000 года ў адстаўцы. Аўтар кніг вострасюжэтнай прозы «Игры капризной дамы» (1995), «Детектив на исходе века» (1996), «Женская логика» (2000), «Второй уровень» (2001) і інш. Па сцэнарыях С. Трахімёнка зняты хранікальна-дакументальныя фільмы «Дело лейтенанта Приблагина» (1995), «Этьен» (1998) і інш. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Саюза пісьменнікаў Расіі.
Алесь Усеня нарадзіўся ў 1958 годзе ў в. Пасека Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у газетах «Интеграл», «Навіны Старадарожчыны», «Гомельская праўда», «Звязда», у часопісе «Вожык». Цяпер – заснавальнік і галоўны рэдактар газеты «Частный детектив». Аўтар кніг паэзіі, дакументалістыкі, дэтэктыўнай прозы.
Мікалай Чаргінец нарадзіўся ў 1937 годзе ў Мінску. Дзяржаўны дзеяч Беларусі. Генерал-лейтэнант унутранай службы. Кандыдат юрыдычных навук. Заслужаны работнік МУС СССР. Скончыў юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у органах унутраных спраў начальнікам Упраўлення крымінальнага вышуку МУС Беларусі, Беларускага ўпраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС Беларусі, старшынём Камітэта па сацыяльнай абароне ваеннаслужачых пры Савеце Міністраў Беларусі, Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. 3 1998 года – старшыня Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па знешняй палітыцы. 3 2002 года – старшыня Беллітфонду. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, вышэйшым афганскім ордэнам «Чырвоны Сцяг». Аўтар кніг прозы «Тревожная служба» (1975), «Следствие продолжается» (1977), «Служба – дни и ночи» (1981), «Сыновья» (1989), «Тайна Овального кабинета» (2001) і інш. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, Саюза журналістаў.



