12 сакавіка 2020 года адбылася творчая сустрэча з пісьменніцай, паэтэсай, празаікам, фалькларыстам Маргарытай Латышкевіч.
Самая першая публікацыя Маргарыты Латышкевіч адбылася ў «Бярозцы», таму зусім невыпадкова на прэзентацыю яе новай кнігі «Там, дзе сэрца» прыехалі галоўная рэдактарка часопіса Кацярына Захарэвіч і яе намесніца Святлана Курганава. Дзяўчаты даўно працуюць разам, і іх згуртаванасць, цеплыня адносінаў з першых хвілін ахуталі залю – і вось усе мы нібы даўно знаёмыя адно з адным, нібы даўно і моцна звязваюць нас цудоўныя старонкі сяброўства. А гэтыя старонкі сапраўды ёсць – часопіс «Бярозка», які з’яўляецца нашай агульнай прасторай: тых хто рэдагуе, тых, хто стварае гісторыі, і тых, хто іх чытае. Святлана Курганава падказала, як кожны юны ахвотнік ці ахвотніца да стварэння ўласнага сусвету можа перайсці з катэгорыі чытача ў катэгорыю аўтара, як калісь зрабіла Маргарыта Латышкевіч і ўжо больш за 15 гадоў з’яўляецца пастаянным аўтарам часопіса. Больш за тое, Маргарыта, цяпер лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, распрацавала ў «Бярозцы» цыкл літаратурных майстар-класаў «Як напісаць раман за пяць простых крокаў», дзе шчыра падзялілася з пачаткоўцамі досведам стварэння тэкстаў і выкарыстання ў іх фальклорнага матэрыялу.
Пісьменніца распавяла пра каламбур, які яна задумала яшчэ ў 2016 годзе і які сёлета паспяхова здзейсніла. Назва выдадзенага ў 2018 годзе зборніка «Наш дом» і назва цяперашняга разам абвяшчаюць агульную ідэю: «Наш дом там, дзе сэрца». Канцэпцыю дома ў новай кнізе падтрымлівае змест, які нагадвае адрасную шыльду з нумарамі кватэр. Лірычныя замалёўкі тут чаргуюцца з вершамі, кожны з якіх звязаны са сваёй празаічнай часткай на глыбінным эмацыйным узроўні.
Вядома ж, сяброўскія адносіны – гэта заўжды камунікаванне, таму Маргарыта прапанавала прысутным выбраць карткі з нумарамі ўмоўных кватэр і загадаць пытанне, якое на дадзены момант турбуе. Згодна з нумарам на картцы, гучалі адпаведныя замалёўка і верш, якія верагодна магічным чынам з’явіліся адказам на гэтае пытанне. Такое вось літаратурнае гаданне ад Маргарыты Латышкевіч. Усе карткі, якія былі распрацаваны мастачкай Бестрамвайнасць адмыслова для новай кнігі, з аўтографам пісьменніцы ўдзельнікі гульні атрымалі ў падарунак. Адказваючы на пытанні, Маргарыта расказала пра адчуванне сябе ў сваіх гісторыях, пра «казкавасць» у сваім жыцці, пра тое, што гартуе характар пісьменніка і калі самы галоўны твой вораг – ты сам, пра ўлюбёных аўтараў і «кніжнасць» беларусаў. Таму, як падагульненне сустрэчы, прагучаў верш «Кніжныя дзеці» з прэзентуемай сёння кнігі:
…Гэта «кніжныя дзеці» ўрастаюць хрыбтамі ў сталь
Хвосткіх рыфмаў, як зерне ўрастае ў раллю,
Гэта «кніжныя дзеці» ўзводзяць на п’едэстал
Тых, хто піша,
І тых, хто калісь пісаў
Пра адну,
Адзіную
Вечную
Нашу зямлю.
Бібліятэка стала цяпер тым месцам, якому Маргарыта Латышкевіч падаравала свой «драбочак сэрца», які клапатліва захоўвае краязнаўчы цэнтр у калекцыі кніг з аўтографамі.



