Sidebar

19
Вс, апр

Зінаіда Дудзюк «На парозе раю: аповесці, кінааповесці, апавяданні»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

29 сакавка 2020 года адзначае 70-годдзе беларуская пісьменніца Зінаіда Дудзюк.

Краязнаўчы цэнтр прапануе чытачам кнігу Зінаіды Дудзюк «На парозе раю: аповесці, кінааповесці, апавяданні». Персанажы аповесцяў і апавяданняў новай кнігі Зінаіды Дудзюк перажываюць падзеі, якія цалкам мяняюць іх жыццё: Аляўціна («На парозе раю») паехала ў Германію на заробкі, каб дапамагчы сыну разлічыцца з пазыкаю, а ў выніку апынулася ў лагеры для бежанцаў; Клаўдзія («Рэванш») марыла пра сям’ю, а была вымушаная бараніць жаночую годнасць ад дамаганняў уплывовых залётнікаў; Зоя («Вольны палёт») страціла ўсё, апынулася на сметніку, але здолела стаць патрэбнай людзям... Трапляючы ў трагічныя сітуацыі, гераіні кнігі ўсведамляюць: усё тое, што з імі адбываецца, яны ствараюць уласнымі ўчынкамі. Адрасавана шырокаму колу чытачоў.
«Юля з асалодаю ўдыхнула вечаровае паветра, напоенае пахам першай маладой лістоты. Колькі разоў яна абяцала сабе, што наступнай вясной возьме адпачынак і будзе назіраць, як распускаюцца і цвітуць дрэвы, як наступае лета, весці дзённік, запісваць усё да драбніц, кожную змену ў прыродзе. Але гэтыя абяцанні так і заставаліся няздзейсненымі, бо заўсёды навальваліся нейкія праблемы і справы, а потым прыходзіла лета, калі хацелася з’ехаць куды-небудзь на мора ці хоць на возера, каб не сядзець у задушлівым горадзе» (аповесць «Рэванш»).
«Юрка раскрыў футарал, узяў скрыпку ў рукі і крануў струны смычком. Пяшчотная трапяткая мелодыя разлілася, хвалюючы душу. Дзініны вочы заззялі, напоўніліся радасцю, быццам не было вайны, голаду і страху смерці, а навокал пануюць толькі шчасце, захапленне, натхнёныя хвіліны творчасці» (кінааповесць «Жорсткая ініцыяцыя»).
«Чаму ўсе лініі ўдалечыні сыходзяцца ў адну кропку? З-за абмежаванасці магчымасцей нашага зроку ці асаблівай уласцівасці прасторы і адлегласці хаваць ад нас дробныя дэталі, а паказваць нешта галоўнае, ідэальнае, недасяжнае ў гэтае імгненне? Напэўна, адно і другое адначасова. Таму так часта памыляемся мы ў жыцці, што цягнемся да нечага недасяжнага і зманлівага, а потым знаходзім зусім не тое, што чакалі» (апавяданне «Чапля»).

Даведка. Зінаіда Іосіфаўна Дудзюк (29 сакавіка 1950, вёска Слабодка, Браслаўскі раён) – беларуская паэтэса, празаік, драматург.
Нарадзілася ў мястэчку Слабодка Браслаўскага раёна (1950), скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут (1977) і Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце ім. А. М. Горкага ў Маскве (1993). Працавала інжынерам, журналістам, загадчыкам літаратурнай часткі драмтэатра. Першыя вершы надрукавала ў 1967 годзе ў раённай газеце «Маяк» (г. Бяроза), пазней з’явіліся публікацыі ў абласным і рэспубліканскім друку. У Саюз пісьменнікаў прынята ў 1986 г. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2018).
Выдала зборнікі вершаў: «Праводзіны птушак», «Абрысы лета»,»Так і не», «Табе»,»Падданыя кахання»,»Дарунак», «Прадзіва»;
кнігі прозы на беларускай мове: «Палоннікі жыцця», «Шляхамі адвечнага слова», «Год 1812», «Кола Сварога», «Аднарог», Леў», «Нямеранае багацце,» «Выжыць на дарозе смерці», «Слодыч і атрута», «Вяртанне забытага міфа», «Лаза», «Пара высокага сонца», «На парозе раю», «Гонды»;
кнігі на рускай мове: «Гонка за волком», «Сотворение», «Год 1812», «Лясы и лесаводы Брэстчины», «Люди и годы», «Наши десять лет», «Слагаемые успеха»;
кнігі для дзяцей і падлеткаў: «Канікулы на астэроідзе», «Листья волшебного дерева», серыя з 10 кніг «Приключения Буслика»
зборнікі драматургіі: «Чароўнае слова», «Зачараванасць тэатрам», «Бліжні бой», «Разлучніца», «Берасцейская мелодыя», «Нарадзіўся я літвінам», «Гістарычныя драмы»;
пастаўленыя п’есы: «Дудка-самагудка», рэжысёр В. Анісенка (Беларускае радыё, 1989), «Сінязорка», рэжысёр А. Калюноў (Брэсцкі тэатр драмы, 1991), «Зоркі-Лятавіцы», рэжысёр Т. Вінаградава (Мінскі абласны драматычны тэатр, 2003), «Прыгоды мурашкі», рэжысёр В. Янавец (Брэсцкі тэатр драмы, 2010);
пераклады на беларускую мову: Казка «Канёк-гарбунок» П. Яршова, камедыя Я. Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман»,п’еса Т. Амосавай, І. Пятровай «Славутае качаня Цім» (пастаўлена ў Брэсцкім тэатры лялек, 1989), п’еса М. Гусева «Забаўныя прыгоды» (пастаўлена ў Брэсцкім тэатры драмы, 1994).
Укладальніца кнігі з серыі «Беларусь літаратурная»: «Песні Белавежы. Камянеччына літаратурная».