Вераснёўскі настрой, восеньскія матывы, філасофскія развагі.
Погляд углыб сябе, падсумаванне досведу, праўдзівая адзнака мінуламу і імкненне да будучыні з прыняццем сябе, са светлымі надзеямі, з новымі мэтамі. У гэты час лягчэй павярнуцца ад штодзённай мітусні ў бок вечнага, узважыць каштоўнасці нашага часу і ўзяць з сабою сапраўдныя, адрынуўшы неістотнае.
Васіль Зуёнак паэтычным словам сваім падтрымлівае нас на гэтым шляху.
Мастак У. Пракапцоў «Ракуцёўшчына. Дарога да паэта» |
***
Над зямлёю
шугае верасень –
Восені ветразь...
І плывуць у блакіце чыстым
Ключы галасістыя...
Цеплыня адплывае,
крылом узмахнуўшы аслаблым –
Летам бабіным...
Не трымайце ж мяне сягоння,
Сцены хат,
у лагодным палоне:
Над зямлёю шугае верасень –
Восені ветразь!..
Не шукайце, сябры і родныя,
Не гукайце на сцежках пройдзеных...
Не сустрэнемся – слёз не ліце.
«Ён жа быў летуценнік, – скажыце, –
Ён таксама паплыў
пад вераснем,
Ён –
пад ветразем...»
***
Такая доля верасня –
Ганцом служыць у восені.
А лета больш не вернецца...
Ці толькі падалося мне?..
Гляджу на неба жніўнае:
Бег часаў зоры выспеляць,
Ударыць лета ліўнямі
Над новых дзён калыскаю.
Ды ўжо такіх не здарыцца
Над нашаю планетаю,
Калі не толькі старыцца,
А грэх і знаць пра гэта нам.
Калі злачынна молада,
Амаль што несмяротныя,
Заварвалі ад холаду
Мы зелле адваротнае...
А Млечны Шлях па роўніцы
Хвілін хаду адмервае.
А зоркі – тыя – помняцца,
А небу ўжо – не веру я.
Агнёў нязнаных блікамі
І глыбінёю чэрніцца
Студэнцкая Канікула
Студэнткаю-Вячэрніцай...
***
Апошнія верасня ласкі,
Як загадзя дар за імглу.
Асеннія ціхія краскі
Цярпліва чакаюць пчалу.
Рабіну дразды асядлалі,
Галдзяць і жыруюць усмак,
Як быццам ім дальнія далі,
Разлукі і страты не ў знак.
Рукаецца ўзлессе грыбное,
А рэха ляціць яшчэ ў май.
І раптам сустрэча з вясною
Рэальнаю здасца амаль...
«Ні будзе зіма? – я пытаю. –
Ці ўжо яна даўняя быль?..»
І з кветкі: «Не знаю, не знаю...» –
Плячыма паціскаў матыль.
***
У вераснёўскім лесе
Ветрык лісцём церусіў,
Як летуценнем імпрэсій
Музыка Дэбюсі.
Ціха было і ўтульна...
Ды раптам – той голас гусей...
Аб чым ён? Якую адтуль нам –
З-пад неба – вестку нясе?
Той голас, – ты чуў яго быццам,
Калі і цябе не было.
Ты чуў, бо не можаш забыцца.
Хоць год – мільёны сплыло...
Адкуль расстайная памяць
З усім хараством зямным?..
І холад касмічны паліць
Здагадкай, што мы не згарым...
Што мы ўсяго толькі ў выраі
І ў прадчуванні бяды
З зямлі карані свае вырвалі,
Ляцім – і не знаем куды...
***
Адлетаваў палёт
На крылах птушак,
На крылах лесу,
Навальніц, дарог,
I толькі рэха сонечнае
Глушыць,
Разбіўшыся
Аб восеньскі парог...
Няўжо яно было:
Палёт і сонца?!.
Не верыцца, –
Няўжо было, няўжо?..
Калі, прыкуты
Да сцяны бяссоннай,
Сядзіш – адзін –
На ланцугу дажджоў...
***
Асенняе шматкроп’е журавоў
Злятае ў вечнасць са старонак неба,
Пакінуўшы шматзначна без правоў
Пражыты дзень, як парастак без глебы...
А заўтрашні? Як прачытаць яго?
Хто разгадае тайныя пісьмёны,
Што праступаюць з дальніх берагоў
Тым развітальным крыкам заімглёных?..
Мінулае рукі не падае,
А будучае дзесьці за вякамі.
Апошні клін у небе растае,
Жыццё маё смяротна рассякае...
Кнігі Васіля Зуёнка чакаюць вас на паліцах краязнаўчага цэнтра. У нас вы таксама можаце пазнаёміцца з аўтографам пісьменніка і віртуальнай выстаўкай, прысвечанай яго творчасці.
Работы мастака Уладзіміра Пракапцова можна паглядзець у агульнай чытальнай зале.