Sidebar

18
Сб, апр

Пакланюся матулі роднай

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

14 кастрычніка – Дзень маці.

Добрыя, прасякнутыя любоў словы таленавітых паэтаў прысвячаюцца ўсім матулям!


МАТЧЫНЫ СТРОФЫ

Расце сынок,
як дрэўца ў полі…
На рост за тое не сярдуй
і на людзях,
у той жа школе,
яго ўжо,
мама,
не цалуй…

Ён не даецца ўжо на рукі,
дый не падымеш бальшуна!
Усё глыбей яго навукі,
усё мудрэе гамана.

Ён задае пытанняў столькі,
што ўспомніш,
мама,
інстытут!
І ведае твае ўсе болькі,
і адчувае груз пакут.

Імкнецца,
хоць не прызнаецца,
плячо падставіць пад цяжар,
Тваёю бурай
скаланецца,
тваёй імглой
замружыць твар…

А ўжо калі пашчасціць маці,
які ён радасны тады!
І песні голасныя ў хаце,
і ў сшытках меншае бяды…

Матуля шчасце заклікае,
каб не збягала хваляй рэк,
хаця б таму,
што падзяляе
яго з ёй верны чалавек!
(Еўдакія Лось, зборнік «Валошкі на мяжы»)


***
Над лесам –
Заводскія гмахі,
У неба –
Труба з размаху.
Не знаю,
Хто клаў там цагліны,
Ды надпіс
Ён добры пакінуў.
І бачаць усе здалёку:
«Мама!»
І бачаць усе:
высока
Мама!
(Васіль Зуёнак, зборнік «Крэсіва»)


ХОДЗІЦЬ ПА ЗЯМЛІ МАЯ МАМА…

Ходзіць па зямлі мая мама,
Вёдрамі будзіць планету.
Шлях яе біты самы –
Ад студні і да загнета.

Еду, яе пакідаю
І не пакіну ніяк.
Мама мая маладая,
Мама мая залатая,
Старая мама мая.

З доляй заручан лясною,
Сам не лясны я даўно.
Ўдачы няма са мною.
А мама заўсёды са мной.

Сустрэчы баюся з маною.
Са здрадай яна заадно.
Каханая рэдка са мною,
А мама заўсёды са мной.

Лёгкага бачыла мала.
Лёгкі быў крок, стаў цяжэй.
Жыве на зямлі мая мама,
Мама мяне беражэ.
(Казімір Камейша, зборнік «Я з пушчы»)



МАМА

Калі пушок прабіўся над губою
I ў сны прыйшло дзявочае імя,
Я ні аб чым не раіўся з табою,
Матуля адзінокая мая.
Мне сорамна здавалася часамі
Сярод хлапцоў – цыбатых забіяк –
Назваць цябе, як у маленстве, «ма-ма»,
Таму часцей не называў ніяк.
А вечарамі, слова не сказаўшы,
Ішоў блукаць каля чужых варот
І пазіраў, як у акенцы нашым
Мігаў у лямпе да світання кнот.
Не спала ты асеннімі начамі,
Хоць падала ад зморы галава,
Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі,
Прывычная да гора удава.
Ты прала кужаль, ты капала гліну,
А ў час жніва зусім не чула ног,
Ды гаварыла ласкава пра сына:
«Хай падрасце, няхай паспіць сынок».
I зноў сама збіралася па дровы,
А ў валасах гусцела сівізна –
«Хоць бы сказаў ён ласкавае слова,
Хоць бы, як колісь, мамаю назваў».
...Прайшлі гады. Мы пасівелі самі,
I, мабыць, крыўдна мне не аднаму,
Што гэгае святое слова «мама»
Цяпер сказаць ужо няма каму.
(Сяргей Грахоўскі, «Выбраныя творы»)

Летась выйшаў адмысловы зборнік вершаў «Пакланюся матулі роднай» пра самых нашых дарагіх і любімых – матуль.

Гэтыя кнігі можна знайсці ў краязнаўчым цэнтры. Запрашаем!