Апошні дзень восені. Восень як пара года, восень як пара жыцця, восень як настрой, восень як тэмперамент, восень як спосаб мыслення. Восень, восень, восень… Дзякуй, і да сустрэчы.
Запрашаем правесці апошні дзень уладарання гэтай чароўнай пані з залатымі вейкамі і зменлівым настроем, чытаючы вершы нашага таленавітага земляка Аляксандра Быкава
Са зборніка «Кветка папараць»
У ЧАКАННІ ЗІМЫ
Лістапад завяршае свой шлях,
Зноў зімовыя бачацца строі.
І шчымлівае штосьці ў грудзях
Не дае, не дае мне спакою.
Погляд возера сумны такі
У чаканні зімовай аблогі.
Бы нязменна усё навякі,
Ды, бадай, і не зменіш нічога…
***
Сонца восеньскае праз шкло
Сагравае сівыя скроні.
Матылёк на маёй далоні –
Хоча ўзняцца ён на крыло.
Падмануць быццам хоча лёс.
За акном надыходзіць вечар,
І, нібы ўспамін аб вечным,
Ціха кроны гараць бяроз.
ЗЯЗЮЛЯ
Залатая, сухая восень
Адлічыла мне сорак восем.
І зязюля ў суседнім лесе
Зноў да лета спыніла «песню».
Непрыкметны, нябачны птах,
Не заблытаўся ты ў гадах?
Ці лічу я ўслед, ці не –
Ты кукуеш заўжды па мне.
Фёдар Кісялёў «Апошні дзень восені» |
Са зборніка «Пад небам бусліным»
ВОСЕННЮ НА РАДЗІМЕ МАКСІМА ТАНКА
Час прыспеў пакланіцца мяжы,
Дзе праменіла Танкава лета.
Сон вярэдзіць блізняты-крыжы,
Што вартуюць прытулак Паэта.
Над старонкаю роднай – імжа,
Спахмурнелі дубы, як прарокі.
А Паэтава свеціць душа,
Прабіваецца зноў праз аблокі.
Прарастуць шчэ не раз жалуды
Праз навалу жыццёвага друзу.
Толькі й там, за абрысам жуды,
Песняру немагчыма без Музы…
Час прыспеў пакланіцца мяжы,
Дзе праменіла Танкава лета.
Сон вярэдзяць блізняты-крыжы,
Ды не вернуць ніколі Паэта.
***
Чорная зграя
Птушак пасела.
Хата старая
Асірацела.
Асірацела…
І на падворку
Ветрык нясмелы,
Роспачна-горкі,
Ціха гартае
Жоўтае лісце,
Быццам шукае
Нейкае выйсце…
***
Здавалася, як быў малечаю,
Лістком бярозавым трымцеў,
Што маці, як і сонца, вечная
І на яе адну спадзеў.
Гарыць цяпер барвовым колерам
Гадоў пражытых небасхіл,
І над старым цагляным комінам –
Журботны ўзмах бусліных крыл…
БУСЕЛ НАД СЯДЗІБАЙ
М. Шабовічу
Спачыну хоча вечная ралля,
І толькі лес зашамацеў у скрусе.
Над матчынай сядзібай кругаля
Даў на развіт мой даўні сябра – бусел.
Асенні дожджык, смела церушы.
Прыйшла пара і мне рабіць высновы:
Што я прыдбаў для цела і душы,
Пайшоўшы ў свет па вуліцы вясковай?
Што адшукаў у марнай мітусні
Сярод каменных і шматлюдных выспаў?
Ды не пазбыцца, Божа барані,
Той асалоды, што з маленства вызнаў…
Спачыну хоча вечная ралля,
І толькі лес за выганам у скрусе.
Над матчынай сядзібай кругаля
Даў на развіт анёл мой белы – бусел.
***
На душы так самотна-спеўна,
Я даўгі аддаю спаўна.
Восень Болдзінская – напэўна,
Ёсць у кожнага з нас яна.
Не разбэшчаны, не распусны,
Задаволюся я адным:
Каб каханай сагрэлі вусны.
Не бяда, што зіма затым…
Апусцелі палі і гоні,
Ды не згодзен на лёс смаўжа.
І няхай пасівелі скроні –
Неўміручая ёсць душа!
ВОСЕНЬСКІ ЭЦЮД
Лісток бярозавы трымціць –
Як лета водбліск ён апошні.
І павуцінне зноў ляціць
У шлях няведамы над пожняй.
Са зборніка «За межы круга»
АСЕННЯЯ РАПСОДЫЯ
Зляціць лісток апошні непрыкметна,
І – цішыня, балючая на слых.
А восень зноў паабяцае лета
Пасля завей і лютаўскіх адліг.
І рук тваіх забытая пяшчота
Растопіць раптам стылыя снягі,
І чуйным сэрцам злоўленая нота
Мне зноўку верне вобраз дарагі.
Не здольны мы прадбачыць анічога,
Ды сонечны народзіцца прамень
І намалюе, як аловак Бога,
Блакітнавокі, непаўторны дзень.
За дальняю, нябачнаю мяжою
Схавана што – не зведаць, не пачуць.
Апошні ліст – анёлам над душою,
Пакуль сады ізноў не зацвітуць.
ЛІСТОК
Сведка жыццёвых заток,
Як і віхураў паднебных,
З першай сняжынкай лісток
Дзеліцца самым таемным.
Зноў наша лета сплыло.
Як мы яго ні трымалі.
Там і каханне было –
Шчэ непадзельнае – з намі.
З Млечнага зоркі каўша –
Быццам на шчасце замова.
І трапяткая душа
Прагнула шчырага слова.
На скрыжаваннях, на тых,
Нашы страчаюцца крокі.
Шэпча таемна, не ўслых,
Нешта лісток адзінокі…
Са зборніка «І тым не менш…»
ПАЭТ
Восень коней прыспешвае,
Затрымацца б на міг…
Ты ратуешся вершамі
І хварэеш на іх.
Што б каму ні прарочылі –
І табе як з каўша.
І сумуе паточаная
Адзінотай душа.
Цягне прорвай глыбокаю
Ад няшчырых вачэй.
Пад зямнымі аблокамі
Нам ці будзе лягчэй?
Восень коней прыспешвае…
Сярод сцежак-шляхоў
Ты ратуешся вершамі
І ратуеш наноў!
Кнігі з аўтографам Аляксандра Быкава можна пачытаць у краязнаўчым цэнтры бібліятэкі. Запрашаем!
З творчасцю мастака Фёдара Кісялёва можна пазнаёміцца ў агульнай чытальнай зале.