Краязнаўчы цэнтр запрашае пазнаёміцца з кнігай «Беларускі дзіцячы фальклор» (выдавецтва «Беларусь», 1994).
Зборнік уключае некалькі раздзелаў, дзе прадстаўлены амаль усе жанры беларускага музычнага фальклору для дзяцей. У першы раздзел уваходзяць калыханкі, лічылкі, дражнілкі, жартоўныя песні. Апрацоўкі народных песень выкананы выдатнымі беларускімі кампазітарамі М. Чуркіным, М. Аладавым, Р. Пукстам, С. Палонскім, А. Туранковым і іншымі. Арыгінальныя аўтарскія творы напісаны на фальклорнай аснове.
Тут ёсць раздзел, які ўключае гульні, народныя казкі, загадкі, прымаўкі, прыказкі.
![]() |
![]() |
ДОЖДЖЫК
Дожджык, дожджык
не мачы
Дзетак з саду не гані,
Бо мы хочам пагуляць,
Абручыкі пакатаць.
Дожджык, дожджык
не мачы
Дзетак з саду не гані,
Бо мы хочам пагуляць
Ды пясочак пакапаць.
Дожджык, дожджык
не мачы
Дзетак з саду не гані,
Бо мы хочам пагуляць
Ды з мячамі паскакаць.
Дожджык, дожджык
не мачы
Дзетак з саду не гані,
Бо мы хочам пагуляць
Ды конікаў запрагаць.
ТАДЗЕЙ-ДАБРАДЗЕЙ
Тадзей-дабрадзей, забаўляй дзяцей!
Ганяй птушачак з-пад макушачак.
Не дзяўбі пясок і не бегай наўскок.
На дарозе пясок збірай у гаршчок.
БЕГАЎ ЗАЙЧЫК ШЭРАНЬКІ
Бегаў зайчык шэранькі
Ля ракі,
На яго наскочылі
Два ваўкі.
Паляўнічы зайчыка
Ўратаваў,
Ён лясных драпежнікаў
Пастраляў.
Уцякаў той шэранькі
З усіх ног,
Не глядзеў ні сцежак ён,
Ні дарог.
І хваліцца ў лесе ён
Так пачаў:
– Двух ваўкоў ля рэчкі я
Разарваў.
«Ужо ў першыя гады жыцця дзіцяці, гады вострай успрымальнасці, фарміруюцца тыя пачуцці, рысы характару, якія звязваюць яго са сваім народам. Родная мова, якую засвойвае дзіця, знаёмячыся з народнымі песнямі, казкамі, гульнямі, з’яўляецца тым падмуркам, на якім вырастае потым пачуццё любові да свайго краю.
У сувязі з тым, што музыка і мова маюць некаторыя агульныя якасці (рытм, тэмп, мелодыя і інш.), музыка здольна ўздзейнічаць на працэс фарміравання мовы. Як вядома, ранні ўзрост з’яўляецца найбольш спрыяльным перыядам для фарміравання мовы дзіцяці. таму самы каштоўны матэрыял у гэтай справе – беларускі музычны фальклор, вусна-паэтычная творчасць народа.
Свет казак, песень, гульняў зразумелы дзецям з маленства, таму што адпавядае іх светаўспрыманню, мысленню. Вобразы гэтых твораў выхоўваюць у іх мужнасць, дабрыню, высакароднасць пачуццяў, спрытнасць, кемлівасць і многія іншыя якасці.
З інтарэсам успрымаюць дзеці кароткі змест прымавак, дражнілак, казак, калыханак. Іх мова становіцца больш выразнай, рухі свабоднымі, арыентацыя ў прасторы ўпэўненай» (з артыкула А. Аляхновіча, М. Рахчэева).
КАЛЫХАНКА
Люлі, люлі, люлі,
Прыляцелі куры.
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі гуркатаці,
Нечага ім даці.
Дала б я ім бобу,
Не маю ні дробу.
Дала б я ім аўса.
Да не маю каўша.
Дала б ім гароху,
Не маю ні троху.
2021-04-05





