Sidebar

18
Сб, апр

Пісьменнік, філосаф, гуманіст.

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Ідзі, беларус, толькі сцежкай сваёй!
Сцежкай сваёю
Да Сонца ідзі.
З. Бядуля.

На абанементе гарадской бібліятэкі №6 арганізавана кніжная выстава “Пісьменнік, філосаф, гуманіст” да 135-годдзя з дня нараджэння З. Бядулі.

Змітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіч Плаўнік) належыць да кагорты беларускіх пісьменнікаў, якія закладвалі падмурак беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. На чале гэтай кагорты стаялі магутныя таленты, пісьменнікі агромністай мастацкай сілы, якіх з глыбінь шматвяковага духоўнага жыцця падняў беларускі народ, - Я. Купала і Я. Колас. Багатую спадчыну пакінуў нам З. Бядуля. Яна шматтомная, у ёй – лірычныя імпрэсіі, замалёўкі, публіцыстычныя артыкулы, даследаванні, вершы, паэмы, нарысы, апавяданні, аповесці, казкі, п’есы, раман… Паэзія З. Бядулі характарызуецца небывалым эмацыянальным напружаннем, непахіснасцю, бескампраміснасцю ў змаганні за беларускую нацыянальную ідэю. Мова твораў З. Бядулі чаравала сваёй мягкасцю і сакавітасцю; вельмі блізкая да народнай. Яна адначасова была высокакультурнай мовай, здольнай выказаць самыя тонкія адчуванні. Для яго творчасці характэрны інтэлегентнасць і тонкі псіхалагізм у выяўленні пачуццяў герояў. Ён верыў, што беларус стане гаспадаром сваёй зямлі, ён верыў, што беларускае поле закрасуецца, закаласіцца пад гарачым сонцам раскошна і багата. З. Бядуля не шкадуе цёплых і ўзвышаных слоў, каб узвялічыць самаахвярных сейбітаў на ніве беларускай культуры. Ён піша пра Багдановіча: “… і хто пачуе яго агнявыя песні, той ужо не можа не любіць свайго краю, свайго народу, сваёй роднай мовы…” Роднай зямлі З. Бядуля аддаў усе свае сілы і ўсю цеплыню свайго сэрца і над ёю заўсёды будзе лунаць яго неспакойны творчы дух. На выставе прадстаўлены матэрыялы аб жыцці і творчай дзейнасці З. Бядулі – яго лепшыя вершы, аповесці, апавяданні, публіцыстычныя артыкулы, успаміны яго брата Мацея Плаўніка, Уладзіславы Луцэвіч, жонкі Я. Купалы і інш. Выстава будзе дзейчаць да 23 мая.


2021-04-21