Sidebar

18
Сб, апр

Калекцыя аўтографаў. Леў Парэмскі «Адценні»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

3 снежня 2020 года спаўняецца 10 гадоў аўтографу Льва Парэмскага ў кнізе «Адценні».

Кніга цікавая роздумам не толькі аб сучасным жыцці чалавецтва, але і аб яго будучыні. Душа лірычнага героя – нібыта поры года: то ясная і празрыстая, то сумная і задуменная…
Пра тое, як маленькі хлопчык усведамляў вайну, расказвае «Паэма аб несвядомасці», дзе дзіўным чынам пераплятаецца трагічнае з вясёлым.
З прапанаванай кнігай можна пазнаёміцца ў калекцыі аўтографаў краязнаўчага цэнтра.
***
Апанураны, скалелы,
У зняменні ледзяным
Гай стаіць яшчэ не белы,
Ды счарнелы ўжо зусім.

Так і ты, душа паэта,
Не жывеш напагатоў:
Адляцела радасць лета,
Сум зімовы не прыйшоў.

Беларускі паэт і крытык Янка Лайкоў піша пра творчасць Льва Парэмскага:
«Творчы шлях Парэмскага – яскравы прыклад пісьменніка, які, маючы за плячыма немалыя творчыя здабыткі, не прэтэндуе на пышныя лаўры:

…Хоць не быць мне Цютчавым,
Хоць не стаць мне Фетам.
Не ўзрасці Ясеніным,
Не адбыцца Блокам…
Ды што ў сэрца ўсеяна –
Узрастай высока!

У гэтых радках, акрамя самаіроніі, выразна бачыцца нежаданне падладжвацца, быць падобным на кагосьці. Думаецца, што творцы кшталту Парэмскага якраз з-за такой сваёй асобаснай «нефарматнасці» і застаюцца наўзбоч літпрацэсу, не ўваходзячы ў суполкі і творчыя саюзы. «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх» – такое крэда пасуе Парэмскаму:

Пайсці на эшафот гатоў,
Калі вазьму не тую ноту,
Калі прадам за гучнасць слоў
Душы прытоеную цноту.

Багаты жыццёвы і творчы досвед дазваляе яму рабіць несуцяшальныя высновы пра месца літаратара ў грамадстве. Сапраўды, быць паэтам у сучасным свеце – наканаванне, якое не кожны здольны вытрымаць годна, без здрады галоўнаму ідэалу – Слову. Бо той, хто прамаўляе вершам, раней ці пазней задасць сабе наступнае пытанне:

Што мы, паэзія, можам з табою
Здзейсніць у свеце, дзе столькі разбою?
[…………]
Мо не патрэбна тваё існаванне?
Леў Парэмскі тут жа дае і адказ:
Не! У цябе ад бядотаў адхланне.
Толькі ў цябе ад напасці любой
Я паратунак адшукваю свой.

Значнае месца ў творчасці Льва Парэмскага займае тэма гістарычных падзей XX стагоддзя, у прыватнасці Другой сусветнай вайны, блакады Ленінграда, генацыду, сталінскіх рэпрэсій. Ладная колькасць вершаў, такія як «Равенсбрук», «Жахлівая аналогія», «Балада пра Каржа», «Курапаты», створаны ім са спадзевам, што новае пакаленне не паўторыць памылак бацькоў і дзядоў, не дасць загнаць сябе ў сіло страху і антычалавечых ідэалогій. Бо сам Леў Парэмскі належыць да пакалення, дзяцінства якога было абпалена вайной, зазнала рэзрух і нішчымніцу…»

Даведка. Парэмскі Леў (Марозаў Леў Паўлавіч; нар. 1938, г. Клічаў Магілёўскай вобласці) – беларускі паэт.
Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1967). Працаваў у часопісе «Мелиорация и водное хозяйство», на Белдзяржтэлерадыё, у часопісе «Пралеска». Аўтар паэтычных кніг «Спагада» (1980), «Адценні» (2009), «Паядынак» (2010), «Іпастасі» (2011), «Рысы» (2015), «Кáні» і «Адметы» (2018), «Нагоды» (2019), кніг для дзяцей «Каламбір» (1991), «Хітруха» (2005), «Снегірова лазня», (2014), «Чытанка для ласуноў» (2016).