Sidebar

23
Сб, окт

«Традыцыі і людзі Барысаўшчыны»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

8 снежня – у Міжнародны дзень мастака – у галерэі «ARTквартал» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева адкрылася выстава творчых работ удзельнікаў Цэнтра традыцыйнай культуры пад простай і ў той жа час вельмі блізкай і зразумелай жыхарам Барысаўскага рэгіёна назвай – «Традыцыі і людзі Барысаўшчыны».

Экспазіцыя з'яўляецца вынікам творчага дыялогу супрацоўнікаў Цэнтра: дырэктара установы, дызайнера Алены Янкоўскай, майстра народных промыслаў і рамёстваў, керамісткі Веры Календа, малодшага навуковага супрацоўніка, культуролага Алы Сідаровіч.
У святочны дзень адкрыцця выставы на трэццім паверсе цэнтральнай бібліятэкі сабраліся аматары і прыхільнікі народнай культуры, супрацоўнікі аддзелаў бібліятэкі і Барысаўскага раённага цэнтра народнай творчасці.
Распачала мерапрыемства мастацтвазнаўца аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Анжэла Кудакова, адзначыўшы асаблівую ўлюблёнасць аўтараў прадстаўленых работ у сваю малую радзіму і яе цудоўныя традыцыі, у сваю працу – як справу жыцця, без якой немагчыма існаванне іх саміх.
– Кожная выстава з удзелам нашых барысаўчан – гэта свята не толькі бібліятэкі, але і нашага рэгіёна, таму што майстры, якія падарылі нам радасць бачыць іх творы, – гэта нашы таленавітыя землякі. Выстава Цэнтра традыцыйнай культуры – сапраўды дэбют, які на сённяшні дзень дазваляе наведвальнікам і чытачам бібліятэкі дакладна пазнаёміцца з творамі майстроў Цэнтра. Але хачу звярнуць увагу на тое, што ў праекце «Тутэйшыя майстры», які даўно называюць брэндам нашай біблібліятэкі, не аднойчы ўдзельнічала супрацоўнік Цэнтра, майстар тэхнікі мастацкай керамікі Вера Календа. А дырэктар Цэнтра Алена Вячаславаўна Янкоўская з’яўляецца выпускніцай Барысаўскай дзіцячай мастацкай школы, творы юных талентаў якой таксама часта дэманструюцца ў галерэях нашай бібліятэкі – і гэта немалаважна! – сказала Анжэла Антонаўна.
З цёплымі словамі шчырага прывітання звярнулася да прысутных дырэктар бібліятэкі Алена Капыток. Алена Сяргееўна выказала спадзяванне, што выстава «Традыцыі і людзі Барысаўшчыны» стане першай «ластаўкай», якая адкрые барысаўчанам сакрэты аўтэнтыкі, фальклору і традыцый Барысаўчыны. Яна ўпэнена, такі цікавы новы праэкт павінен жыць і развівацца найдалей: многія нашы землякі, на жаль, не ведаюць традыцый свайго краю.
Затым дырэктар Цэнтра Алена Янкоўская больш падрабязна рассказала пра выставу, аўтараў і Цэнтр традыцыйнай культуры ў цэлым (яго штодзённую працу, экспедыцыі і даследванні), таксама адказала на шматлікія пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства.
Дарэчы, работы, якія выстаўлены ў галерэі «ARTквартал», – малая крыха таго, што назапашана і створана за многія гады майстрамі, якія сёння працуюць у Цэнтры. Гэта невычэрпны свет беларускай традыцыйнай культуры! Гэта неабсяжная прастора для задумак і цудаў, зробленых сваімі рукамі!
Экспазіцыя мае дзьве часткі. Першая частка «Традыцыі Барысаўшчыны» – фотавыстава «Міхайлоўская свяча» знаёміць з абрадам пераносу Міхайлоўскай свячы і абраза святога Міхаіла ў барысаўскім аграгарадку Вяляцічы. Заўважце: гэты абрад уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Другая частка «Людзі Барысаўшчыны» прадстаўляе незвычаныя работы майстра народных промыслаў і рамёстваў, керамісткі Веры Календа і дырэктара Цэнтра традыцыйнай культуры , дызайнера Алены Якаўлевай. Усе тварэнні выкананы ў 2019 – 2020 гадах і прысвечаны народным святам, паданням, знакамітым людзям, помнікам барысаўскай зямлі. Яны адносяцца да такіх відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як мастацкая кераміка, традыцыйная маляванка, гарачы батык. Большасць задумвалася як арыгінальныя сувеніры. Наогул усе работы знаёмяць са старонкамі гісторыі і жыцця барысаўскай зямлі, звяртаюць увагу на яе адметнасць і ўнікальнасць, а таксама на значнасць мясцовай культурнай спадчыны ў масштабах усёй краіны.
Сардэчна запрашаем у галерэю «ARTквартал» (трэцці паверх бібліятэкі) палюбавацца выставай «Традыцыі і людзі Барысаўшчыны»! Экспазіцыя будзе працаваць і ў студзені 2021 года, калі Барысаў уступіць у правы культурнай сталіцы Беларусі.
Алена БРЫЦКАЯ


2020-12-14