У галерэе «Праменад» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева распачалася выстава малюнкаў пад такой назвай.
Творцы – удзельнікі народнай студыі выяўленчага мастацтва і дзіцячай выяўленчай студыі «Кисточки» Палаца культуры імя М. Горкага (кіраўнік – Людміла Канашэўская).
Адразу трэба зазначычь: юныя «маляванычы» штогод радуюць наведвальнікаў цэнтральнай бібліятэкі, цікаўных і мастацтвазнаўцаў сваімі ўменнямі і талентамі, а таксама здзіўляюць прагай да самавыражэння і мастацкага росту, імкненнем да жанравай адукаванасці і смелых спробаў.
І гэта ўсё не жарты! Не-не! Я вяду размову не пра прафесійных мастакоў ці навучэнцаў вышэйшай установы культуры. Гаворка ідзе менавіта пра дзяцей, якія займаюцца маляваннем у вольны ад школьных урокаў час. Займаюцца з задавальненнем, паспяхова, жадаючы пранікнёна тварыць прыгажосць і дарыць яе людзям.
Вось і 13 мая выхаванцы мудрага педагога Людмілы Канашэўскай прадставілі новую экспазіцыю – чарговы вынік сваёй працы за бягучы год. У гэты дзень на другім паверсе цэнтральнай бібліятэкі было шумна і святочна – у галерэі «Праменад» сабраліся маленькія (і не зусім маленькія) мастакі, іх бацькі і сябры, супрацоўнікі і чытачы бібліятэкі. Кветкі, усмешкі, віншаванні, успышкі фатакамер – усё, як на сур'ёзных прэзентацыях дарослых майстроў.
Мерапрыемства адкрыла мастацтвазнаўца аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Анжэла Кудакова.
– Мне вельмі прыемна бачыць вас зноў! Адкрыццё гэтай выставы праходзіць у рамках рэспубліканскай акцыі «Мая сям'я – мая краіна», а таксама яшчэ адной рэспубліканскай акцыі «Барысаў – культурная сталіца Беларусі 2021». Сёння ў галерэе «Праменад» мы бачым 66 дзіцячых работ – маляўнічых, яркіх, прыгожых, цудоўных, не падобных адзін на аднаго! – сказала яна.
А дырэктар нашай установы культуры Алена Капыток зазначыла, што ў Барысаве жывуць самыя лепшыя дзеці, а на адкрыцці выставы сабраліся самыя лепшыя юныя мастакі. Алена Сяргееўна павіншавала дзяцей з пачаткам работы такой дзіўнай экспазіцыі, а таксама з тым, што яны сваімі творамі ўнеслі ўклад у статус «культурнай сталіцы».
Але ж,зразумела ж, цуда б не адбылося без педагога, які натхняе, падтрымлівае, абачліва накіроўвае вучняў па шляху творчасці, дапамагаючы ператвараць мары ў рэальныя малюнкі. Калі слова было прадстаўлена кіраўніку калектываў Людміле Канашэўскай, яна падзялілася радасцю: юныя мастакі растуць і сталеюць, што выражаецца па іх работах, выкананых з улюблёнасцю ў свет фарбы, у бясконцы свет спалучэнняў і напрамкаў, годных сур'ёзнай мастацкай увагі. Людміла Пятроўна выказала шчырую падзяку работнікам цэнтральнай бібліятэкі, якая прадстаўляе магчымасць прэзентаваць калектывам Палаца культуры сваю творчасць. А як жа інакш? Палац культуры імя М. Горкага і Барысаўскую цэнтральную раённую бібліятэку імя І.Х. Каладзеева звязваюць даўнія добрыя партнёрскія зносіны!
Свята «Сэрца на далоні» працягнула праграмма гульняў з мультгероямі Фіксікамі, напісаннем добрых пажаданняў на імправізаваных сардэчках, пусканнем мыльных бурбалак, частаваннем смачнымі пірожнымі ручной работы, якія вырабіла адна з мам.
Выстава працуе да 17 чэрвеня.
Алена БРЫЦКАЯ
2021-05-18