26 студзеня 2020 года адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння Аркадзя Моркаўкі.
Аркадзь Андрэевіч Моркаўка (26 студзеня 1900, в. Зазер’е, цяпер Пухавіцкі раён – 24 красавіка 1957 Мінск) – беларускі паэт. Аркадзь Моркаўка – не з тых паэтаў, што гучна абвяшчаюць адкрытыя імі прынцыпы, цярэбяць шляхі ці ствараюць «напрамкі». Аднак у творчай практыцы Моркаўкі менавіта і былі – праўда, яшчэ не разгорнутыя, не сабраныя ў сістэму – некаторыя якасці новага метаду, новага, не рытарычнага, не агульнага, падыходу да рэчаіснасці. Адзін з першых беларускіх паэтаў, якія пачалі задумвацца над лёсам чалавека ў сувязі з «біяграфіяй» чалавечага роду, «варушыць» нашу прадгістарычную памяць. Нельга пакінуць без увагі і вынашаныя ў змроку акупацыйнай ночы вершы Моркаўкі, іх боль і мукі, якія паходзілі з прычыны куды шырэйшых, чым трагедыя асабістая, – з пакут народных. Тым больш што для лірычнага героя Моркаўкі рэфлексія і бяздзейнасць – не норма паводзін, а наадварот, выпаданне з нормы, парушэнне яе. І сам ён праз востры лірычны канфлікт імкнецца сцвердзіць неабходнасць актыўна-бязлітаснага змагання з ворагам.
Хіба толькі душэўна глухога і абыякавага чалавека не проймуць такія радкі:
Рукі свае прасціраю удалеч,
Клічу з туманнага берага човен.
Не, немагчыма пакутваць так далей,
Жыць у няпэўнасці чорнай.
Лёсам благім караблі у завеях
Спынены ў ходзе і, мёртвыя, стынуць…
Мары мае, вас ніколі не смее
Смутак балючы пакінуць.
Кожную ноч недарэчнае сніцца:
Ветразь у моры, на беразе – хвоі,
Тройчы на дзіды я падаю ніцма,
Тройчы сцякаю крывёю.
Усё напісанае Моркаўкам пасля вайны прасякнута грамадзянскім матывам адданасці народным справам, ідэалам, мэтам. Самае лепшае сярод пасляваенных твораў Аркадзя Моркаўкі – яго інтэлектуальная лірыка, ягоныя вершы пра моц чалавечага розуму, які намерыўся авалодаць сляпым хаосам Сусвету (з артыкула Рыгора Бярозкіна).
Пазнаёміцца з вершамі беларускага паэта чытачы маюць магчымасць у краязнаўчым цэнтры быбліятэкі. Запрашаем!
Даведка. Аркадзь Андрэевіч Моркаўка (26 студзеня 1900, в. Зазер’е, цяпер Пухавіцкі раён – 24 красавіка 1957 Мінск) – беларускі паэт. Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка Андрэя Кандратавіча і Марыі Максімаўны (пам. 1919). Пачатковую адукацыю атрымаў у Пярэжырскай сярэдняй школе. Скончыў курсы тэлеграфістаў у Мінску (1916), працаваў тэлеграфістам на станцыі Мінск (1916–1924). Вучыўся ў Віцебскім электрамеханічным тэхнікуме (1924–1927). У 1928–1930 уваходзіў у рэдкалегію часопіса «Маладняк», у 1930 – у рэдкалегію часопіса «Полымя». Скончыў энергетычны факультэт БПІ (1934), працаваў у Мінску інжынерам на заводзе «Беларусь», у Палаце мер і вагі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў мінскім падполлі. Пасля вайны працаваў у Палаце мер і вагі, выкладаў на энергетычным факультэце БПІ.
Дэбютаваў у друку вершамі ў 1922 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Дым жыцця» (1928) – адзіная прыжыццёвая кніга, пасмяротна выйшлі «Гады, як парусы» (1959), «Вершы» (1973).
Творчасць А. Моркаўкі высока ацанілі Я. Купала і Ц. Гартны. Найбольш плённы паэтычны перыяд А. Моркаўкі прыпадае на 1924–1927 гады. Друкаваўся ў многіх тагачасных перыядычных выданнях. На пачатку 1930-х гадоў адышоў ад літаратурнай дзейнасці, не публікаваўся ў перыёдыцы, пісаў «у стол».