Sidebar

14
Вт, окт

Леанід Дайнека. «Сейбіт на ніве нацыянальнага Адражэння»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

28 студзеня 2020 года адзначаецца 80-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Леаніда Дайнекі.

«У самім вобліку Леаніда Дайнекі ёсць штосьці традыцыйна славянскае, філасофскае. Гэткі ён і ў паўсядзённым жыцці – адзін з самых актыўных сейбітаў на ніве нацыянальнага Адраджэння. З адной хіба розніцай: калі некаторыя стараюцца атрымаць пры гэтым як мага болей воплескаў (тут ужо стараюцца і іхнія сябры) і, што ўжо зусім засмучае, маючы велізарныя амбіцыі, пазбаўлены таленту, каб напісаць штосьці значнае, дык Леанід Дайнека працуе, як той мудры беларускі селянін, для якога не так і важна, што пра яго скажуць, бо для яго галоўнае, каб апрацаваная ніва давала шчодры ўраджай. Невыпадкова ў адным са сваіх вершаў ён сказаў так: «Аднаго хачу я пажадаць:// Каб ты словы, сказаныя сёння,// Заўтра мог таксама ўслых сказаць».
Кампраміс, нават у імя вялікай мэты, для яго непрымальны. Гэтым ён таксама значны як асоба і мастак» (з артыкула Алеся Марціновіча).
У краязнаўчым цэнтры бібліятэкі чытачы могуць пазнаёміцца з кнігамі Леаніда Дайнекі: «Назаві сына Канстанцінам» і «След ваўкалака». Запрашаем!

Даведка. Дайнека Леанід Марцінавіч (нар. 28.01.1940 г. у вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці – 21 жніўня 2019 г.).
Пасля заканчэння сярэдняй школы (1956) працаваў на будоўлях Калінінграда і Свярдлоўскай вобласці. У Ніжнім Тагіле скончыў тэхнічную навучальню (1959). Працаваў электрыкам на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце. Служыў у Савецкай Арміі (1960–1963). У 1967 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў старшым рэдактарам на Віцебскай студыі тэлебачання, на Беларускім тэлебачанні. У 1972–1989 гг. – адказны сакратар часопіса «Маладосць», з 1989 г. – загадчык рэдакцыі паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1970 г.
Узнагароджаны медалямі.
Першы верш апублікаваў у 1961 г. (газета Уральскай ваеннай акругі «Красный боец»). Выдаў кніжкі вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985), «Сняжынкі над агнём» вершы і паэмы (1989). Аўтар зборніка апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976), раманаў «Людзі і маланкі» (1978), «Запомнім сябе маладымі» (1981), «Футбол на замініраваным полі» (1983), «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (часопіс «Маладосць», 1990).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1988) за раман «Меч князя Вячкі», Дзяржаўнай прэміі БССР (1990) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей – за гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» і «След ваўкалака».