Sidebar

18
Сб, апр

Чалавек вялікай грамадзянскай мужнасці – Сымон Баранавых

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

1 верасня 2020 года адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка Сымона Баранавых.

Сымон Баранавых пачаў літаратурную дзейнасць у другой палове 20-х гадоў – у перыяд імклівага росту беларускай прозы, развіцця буйных яе жанраў – аповесці, рамана, калі эстэтычнае наватарства ўсёй нацыянальнай літаратуры набывала вялікія маштабы, вылівалася ў шматстайнасць форм. Пісьменніку была ўласціва вострая зацікаўленасць усім, што адбывалася ў краіне. Ён быў з тых пісьменнікаў-першапраходцаў, якія пачыналі распрацоўваць няўзнятыя пласты жыццёвага матэрыялу.
У кожнага мастака свой шлях, свае творчыя інтарэсы і схільнасці. Як правіла, іх вызначае сацыяльны, жыццёвы вопыт, што кладзецца ў аснову твораў. Першыя апавяданні С. Баранавых – гэта своеасаблівыя, блізкія да нарысаў, рэалістычныя замалёўкі сялянскага побыту.
Сымон Баранавых разам з іншымі мастакамі слова ставіў і вырашаў складаныя, важныя пытанні развіцця, фарміравання маладой беларускай прозы, садзейнічаў пашырэнню яе жанравых і сюжэтных рамак, уводзіў новыя тыпы жыццёвых канфліктаў, узбагачаў літаратурную мову, распрацоўваў сродкі псіхалагічнага аналізу, традыцыі высокай сацыяльнасці і мастацкасці. Ён застаўся ў памяці ўдзячных нашчадкаў, паспеўшы шмат зрабіць за няпоўных дзесяць гадоў сваёй творчасці. Гэта быў чалавек высокай грамадскай свядомасці, маральнага абавязку, прынцыповасці і вялікай грамадзянскай мужнасці.

Прапануем чытачам урывак з рамана «Калі узыходзіла сонца» і запрашаем у краязнаўчы цэнтр па добрае чытанне.
«Ялавіцкі Селівону не зманіў: сёння «дзяды», і да Ялавіцкага сабраліся госці. Толькі не камендант у гасцях, а начальнік ахранкі пан Рытвінскі. Камендант Векерт не змог прыехаць. Рытвінскі перадаў: «У пана каменданта дрэннае самаадчуванне. Вялеў кланяцца пану гаспадару».
Бацька Ялавіцкага, дзед і прадзед не праміналі «дзядоў» і сыну свайму не вялелі. Ніхто і не забараняў сыну. Толькі свята ў тыя гады было як і ўсе святы, у гэтым годзе – асабліва дарагое, урачыстае. Ялавіцкі святкуе «дзяды» ў сваіх пакоях! «Татур не пакрасаваўся камунаю». Ялавіцкаму вярнулі яго зямлю... ліпавыя прысады (адну ліпу зламаў вецер)... Старую бярозу з буславым гняздом – не застаў буслоў: яны ўжо зляцелі з гнязда. Ён сын сваёй уласнай зямлі, уладар яе сцежак, таго, што за выганам. Прыйдзе вясна, і салаўіная песня залье яго пакоі, дзядзінец... Скажа тады Селівону Ляўшаку: «Гэ, паслухай, стары, калі што разумееш, як спявае салавей!» Прапусціў дзве вясны. Дзве вясны змарнавала Ялавіцкаму рэвалюцыя: не чуў свайго салаўя. «От ужо ў гэту вясну наслухаюся...»

Даведка. Сымон Баранавых (сапр.: Сымон Якаўлевіч Баранаў (Баран) (1 верасня 1900, в. Рудакова, Ігуменскі павет, Мінская губерня, цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць – 10 лістапада 1942) – беларускі празаік, дзіцячы пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Юнаком парабкаваў у багатых гаспадароў. У 1920–1923 служыў у Чырвонай Арміі, прымаў удзел у баях з польскімі войскамі. Пасля дэмабілізацыі ў 1924–1925 старшыня сельсавета, загадчык хаты-чытальні, адначасова карэспандэнт беларускіх газет. У 1925–1928 вучыўся ў Мінску на рабфаку. Уваходзіў у літаратурныя аб’яднанні «Маладняк» (з 1927) і БелАПП (з 1928). У 1931 скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ. Працаваў у Беларускім радыёцэнтры, затым адказным сакратаром часопіса «Беларусь калгасная», у бібліятэцы Дома пісьменніка. Сябраваў з Я. Купалам.
Арыштаваны 4.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Віpская, д. 37а, кв. 1. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 5.10.1937 як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі і за антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў ППК. Загінуў на Калыме. Рэабілітаваны прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954. Асабовая справа Б. № 9935-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Выступаў у друку спачатку з карэспандэнцыямі як селькор. Асноўная тэма творчасці – беларуская вёска і сацыяльныя працэсы, якія адбываліся там у 1920–1930-я. У 1927 апублікаваў першае апавяданне «У млыне» (газета «Чырвоная змена»). Аповесць «Межы» (1932) – адзін з першых у беларускай літаратуры буйных твораў пра сацыялістычнай перабудове вёскі, карэнных змяненнях у побыце і псіхалогіі сялянства.
Бібліяграфія:
Зборнікі «Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты» (1989), «Злосць: Апавяданні» (1930).
Аповесці «Чужая зямля» (1930), «Межы» (1930), «Чужая зямля» (1932), «Межы» (1932), «Новая дарога» (1936), «Пастка» (1935), «Дзве аповесці» (1967).
Раман «Калі узыходзіла сонца» (1957).

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з фонда краязнаўчага цэнтра: «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4т. Т. 2», «Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты», «Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 1.».