Дзень беларускага пісьменства – дзяржаўнае свята ў Рэспубліцы Беларусь.
Арганізатарам яго штогод з 1994 года становіцца новы горад з багатай гісторыяй і культурай.
Дні беларускага пісьменства задумваліся як свята роднага слова і мэта іх правядзення – узгадаваць і ўмацаваць любоў да беларускай мовы, культуры, гісторыі.
Ідэя свята з’явілася ў Міністэрстве культуры Беларусі і друку пасля святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.
Упершыню святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку. Потым сталіцамі свята былі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Заслаўе, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім.
Сёлета ўдзельнікаў свята будуць прымаць у Бялынічах.
Барысаў стаў сталіцай Дня беларускага пісьменства 7 верасня 2008 года. Упершыню ў гісторыі свята наша Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка выступала ў ролі ініцыятара адных з самых цікавых мерапрыемстваў. У праграму ўвайшла знакавая для культурнага жыцця горада падзея – адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку цэнтральнай бібліятэкі нашаму знакамітаму земляку І. Х. Каладзееву. Прысваенне бібліятэцы імя Каладзеева – гэта акт падзякі нашаму земляку, выбітнай асобы, прызнанне яго заслуг перад нашым горадам і гістарычнай навукай.
Да сёлетняга Дня беларускага пісьменства ў краязнаўчым цэнтры размясцілася кніжная выстаўка з аднайменнай назвай, дзе прадстаўлены акрамя іншага шыкоўныя экзэмпляры сучаснага кнігадрукавання.
Запрашаем у бібліятэку па добрае чытанне!
Кніжная выстаўка будзе экспанавацца цягам месяца.
2020-09-02



